Сёння раніцай у сталіцу прыбыў Цягнік памяці і славы

2 июля 2014
З Паўночнай сталіцы Расіі - Санкт-Пецярбурга - у Мінск цягнік даставіў больш за 130 пасажыраў. Сярод іх прадстаўнікі маладзёжных арганізацый, удзельнікі клубаў гістарычных рэканструкцый, дзеячы культуры і, безумоўна, ветэраны - 36 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Экспрэс сустракаў і наш карэспандэнт Аляксандр Харавец.

Санкт-Пецярбург - Мінск. 12 гадзін у дарозе і Цягнік памяці і славы прыбывае на першы пуць чыгуначнага вакзала. Як і ў 1944-м, ветэраны будуць рухацца з усходу на захад. Так праходзіў маршрут падчас вызвалення Беларусі. Праўда, дарога гэтая для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны будзе ўжо зусім іншай. І не таму, што ў 1944-м яны былі маладымі. Тады была кроў, раны і страты блізкіх сяброў. Сёння ж - радасць сустрэч і ўспаміны.

Цягнік памяці і славы з Паўночнай сталіцы Расіі ў беларускую даставіў больш за 130 пасажыраў. Сярод іх прадстаўнікі маладзёжных арганізацый, удзельнікі клубаў гістарычных рэканструкцый, дзеячы культуры і, безумоўна, ветэраны - усяго 36 ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя з іх у Мінску ўпершыню.

Аляксандр Кузняцоў у беларускай сталіцы быў толькі праездам. Палкоўнік запасу абараняў Ленінград, ваяваў на другім і трэцім Прыбалтыйскіх франтах, а пасля і першым Беларускім. Па дарозе да Берліна страціў нямала сяброў, сярод якіх былі і беларусы.

З ветэранамі ў Мінск прыехалі і амаль паўсотні маладых людзей. Сустрэча з жывымі сведкамі гісторыі - найлепшы спосаб патрыятычнага выхавання юнакоў і дзяўчат.
Паважаныя госці з Санкт-Пецярбурга ўсклалі вянкі і кветкі да манумента на плошчы Перамогі, тым самым ушанавалі памяць герояў.

Ужо заўтра пасажыры Цягніка памяці і славы наведаюць новы Музей Вялікай Айчыннай вайны і возьмуць удзел у святкаванні Дня Незалежнасці нашай краіны. У Пецярбург экспрэс адправіцца 5 ліпеня.