Сёння губернатар вобласці правёў прыём грамадзян у Лагойску

9 октября 2013

17 чалавек падзяліліся тым, што іх хвалюе больш за усё. Жыллёвае пытанне, добраўпарадкаванне гарадоў і вёсак, бяздзейнасць мясцовых ўладаў. Кнігу скаргаў пагартаў Аляксандр Харавец.



Сям'я Жанны Дзятлоўскай выходзіць на двор толькі у гумавых ботах. Вуліцу, на якой яна жыве, назваць дарогай цяжка. Наезджаная машынай каляя ў непагадзь пераўтвараецца ў сапраўдную раку. Дабрацца да шашы можна тады хіба што на балотаходзе.


Жанна Дзятлоўская, жыхарка в. Чудзенічы Лагойскага раёна: Былі дні, калі дзеці проста не хадзілі ў школу. Да дарогі дайсці немагчыма. Ідзём у ботах. Боты вешаем суседцы на плот і там далей нешта перабуваем і назад у такім жа парадку. 2 гады звярталіся ва ўсе інстанцыі, дарогі няма, гурбы зімой па2 метры. Дарожнікі чысцяць вёску, а ў нас ніхто не чысціць. Звярталіся ў Лагойскі райвыканкам і сельсавет. Раз няма дарогі, мы нікому не належым, ніхто і не чысціць.



Сустрэча з губернатарам стала апошняй надзеяй для жыхароў бездарожнай вуліцы.


А вось жыхары вёскі Аўгусава Лагойскага раёна некалькі гадоў змагаюцца з вадой. Больш дакладна, з яе адсутнасцю. Водаправод ёсць, а напору ў ім няма. Каб памыцца, прыгатаваць абед або проста спаталіць смагу, людзі ідуць да студні.



Ніна Ліс, жыхарка в. Аўгусава Лагойскага раёна: На нашай вуліцы Лясной усе жыхары пакутуюць. Вось праблема, прыйшоў да мяне майстар падключыць пральную машыну, але не падключыў - няма напору вады.


Прывесці ў парадак водаправод і наладзіць бесперабойную падачу вады губернатар даручыў камунальнікам да 1 лістапада.



Як паказаў сённяшні прыём, большасць праблем, з якімі прыйшлі людзі, павінны былі вырашыцца на месцы. Усяго Барыс Батура паспеў разгледзець 17 пытанняў. Адукацыя, ахова здароўя, бытавое абслугоўванне, добраўпарадкаванне і, канешне, жыллёвае пытанне - вось што хвалюе сёння жыхароў вобласці. Ужо праз тыдзень некаторыя з праблем будуць вырашаны, паабяцаў губернатар.