Самыя лепшыя кандытарскія вырабы і хлеб - у Клецкім раёне

13 октября 2014

Клецкі вытворча-харчовы завод атрымаў найвышэйшую адзнаку на Рэспубліканскім конкурсе Ласунак-2014. Дарэчы, лепшыя хлебабулачныя прысмакі прадэманстравалі беларускія заводы і хлебапякарні ў рамках Міжнароднай выставы Хлеб і кандытарская справа.


Марына Мураўёва пакаштавала самую лепшую здобу ў краіне. Хлеб Восеньскі, Латвінскі, Вясковы, Замкавы.... За адзін працоўны дзень з гэтага хлебнага цэха на прылаўкі магазінаў Клецкага раёна і суседніх трапляюць амаль 4 тоны хлеба. За яго якасцю вось ужо сорак гадоў сочыць Ірына Касцюкевіч.


Як прызнаецца дырэктар прадпрыемства, без добрай гаспадыні і хлеб няладны. І таму лічыць перамогу на рэспубліканскім кандытарскім конкурсе заслугай сваіх пекараў і тэхнолагаў. У калектыве больш за 150 чалавек. Працуюць жанчыны ў 3 змены. У кандытарскім цэху, напрыклад, амаль усю здобу і тарты вырабляюць уручную.


Большую колькасць узнагарод узяли вырабы непасрэдна кандытарскага цэха. Круасаны, ватрушкі, слойкі, пірожныя - і смак маюць адметны, і выгляд. Удасканаленне рэцэптуры ідзе адначасова з мадэрнізацыяй вытворчасці. Асартымент пашырылі спецыяльна да рэспубліканскага конкурсу.


Слойку з фруктовай начынкай пачалі выпякаць 2 месяцы таму. Вось у гэтай сучаснай печы яна набывае свой канчатковы румяны выгляд. Такі клецкі круасан з малінавым смакам атрымаў найвышэйшую адзнаку на рэспубліканскім кандытарскім конкурсе.


Акрамя Гран-пры, слаёная трубачка і торт Зорная ноч узялі серабро. А хлеб Вязынскі. Новы атрымаў залаты медаль.


Штогод свой аўтарытэт сярод спажыўцоў завод падтрымлівае залатымі і сярэбранымі кубкамі шматлікіх кандытарскіх конкурсаў. Але галоўная ўзнагарода - прызнанне пакупнікоў. Клецкую выпечку ахвотна дэгустуюць і мінчане.