Самыя гучныя і адданыя

22 мая 2014

Зборныя балельшчыкаў 16-ці хакейных каманд ствараюць настрой у горадзе падчас усяго чэмпіянату. Армія расійскіх фанатаў - самая шматлікая ў сталіцы. Іх колькасць можа пасапернічаць толькі з беларускімі балельшчыкамі.



Надзея Сербіненка паназірала за буднямі фанатаў.


У экасядзібе недалёка ад Мінска размясцілася дваццатка самых матываваных балельшчыкаў зборнай Расіі. Каб трапіць у гэтую фанацкую каманду, кожны дасылаў аўтарскія крычалкі, патрыятычныя хакейныя вершы і нават даваў клятву балельшчыка. Усё для таго, каб падтрымаць любімую хакейную каманду на чэмпіянаце ў Мінску.


Свой вольны час паміж хакейнымі матчамі балельшчыкі бавяць карысна. Дзякуючы экскурсіям усе знакавыя месцы Мінска - Траецкае прадмесце, гарадскую Ратушу, Нацыянальную бібліятэку - яны ўжо ведаюць. А ў фанлагеры можна паспаборнічаць за званне самага адданага фаната.


Дарэчы, да кожнай гарачай лядовай баталіі фанаты старанна рыхтуюцца: развучваюць новыя песні, рэпеціруюць крычалкі, і вядома, працуюць над сваім іміджам. Бо ад настрою балельшчыкаў залежыць і поспех зборнай.


Расійскія балельшчыкі таксама адзначаюць неверагодную таварыскасць усіх фанатаў, асабліва беларускіх. Таму спецыяльна для сустрэч дзвюх братэрскіх зборных яны заказалі двайны сяброўскі флаг і ганарова пранеслі яго па праспекце Пераможцаў разам з беларусамі.


Паколькі наша каманда таксама ў чвэрцьфінале, пры ўмове перамогі беларусаў над шведамі, а Расіі - над Францыяй балельшчыкі дзвюх братэрскіх краін сапраўды яшчэ могуць сустрэцца на мінскай арэне.