Зранку людзі ідуць сем’ямі ў храмы, каб разам праслаўляць Збавіцеля, які перамог смерць

5 мая 2013

Хрыстос Уваскрэс! Сёння праваслаўныя хрысціяне адзначаюць самы значны дзень у царкоўным жыцці – Вялікдзень. Ноччу прайшло галоўнае богаслужэнне, падчас якога і абвясцілі радасную і доўгачаканую навіну. Зранку людзі ідуць сем’ямі ў храмы, каб разам праслаўляць Збавіцеля, які перамог смерць. Сёння пачынаецца  тыдзень, калі ўслаўляць Хрыста музыкай званоў можа кожны.


Аляксандра Драгун далучылася да вернікаў у Свята-Духавым кафедральным саборы. Сёння ніводны зварот у праваслаўных вернікаў не пачынаецца са звыклага “Добры дзень”. Вітаюць адзін аднаго выключна радаснай навіной Уваскрэсення Хрыстовага. Як і ў перадвелікодную суботу, сёння - у Велікодную Нядзелю - асноўная ўвага сканцэнтравана на святыні. Сюды з’язджаюцца вернікі цэлымі сем’ямі, каб асвяціць пасху. Праўда, акрамя традыцыйных чырвоных яек і кулічоў, - яблыкі, цукеркі, вяндліна. Свята аб’яднала ўсе пакаленні ў маштабнай падрыхтоўцы да Вялікадня. У святую ноч свяшчэннікі змянілі цёмнае, жалобнае адзенне на ўрачыстае чырвонае і белае. Першы – колер крыві Месіі, якую Ён праліў у імя выратавання душы чалавека, а другі сімвалізуе чысціню. У святочным убранні - і храмы, і наваколле. Здаецца, разам з людзьмі і прырода праслаўляе Уваскрэслага Бога. Перадвелікодная ноч – час не толькі духоўнага ачышчэння, але і сапраўдных цудаў. Напярэдадні ў Свята-Духаў кафедральны сабор даставілі жыватворны агонь з Іерусаліма. Беларускія вернікі мелі магчымасць запаліць ад яго свае свечкі. Лампадкі з нябесным дарам аднеслі дадому, як асаблівы абрад бласлаўлення. Наперадзе ў праваслаўных хрысціян не менш  знакавая падзея. Традыцыйна  яшчэ адзін падарунак чакае вернікаў. Кожны ахвотнік можа падняцца на званіцу і праверыць свае музычныя здольнасці. Майстар-клас і размова з прафесійнымі званарамі запланаваныя пасля дзённых богаслужэнняў. На гэтым святкаванні Хрыстовага Уваскрэсення не заканчваюцца. Пасля Вялікадня ў праваслаўных вернікаў Светлая Сядміца – самы радасны і светлы тыдзень. У гэты час богаслужэнні праходзяць з адкрытымі Царскімі Дзвярамі - сімвалам вечнага жыцця і нябеснага валадарства, якія дараваў нам Збавіцель.