Калі ў лістападзе можна атрымаць пенсію і на колькі яна павялічылася? Чаму ў наступным годзе для атрымання працоўнай пенсіі спатрэбіцца не пяць, а дзесяць гадоў выплаты страхавых узносаў?
Расказвае Каміла Шах. Першае чысло кожнага месяца - дзень, які раней чакалі многія пенсіянеры. Вось і Ніна Цімафееўна прыйшла сёння па звычцы на пошту, але пенсію ёй паабяцалі пасля 5 лістапада.
З лістапада не толькі пенсіі стануць выплачваць пазней. Усе тэрміны выплат перамяшчаюцца на некалькі дзён. Зрэшты, перамены закрануць толькі атрымальнікаў грошай дома альбо ў паштовых аддзяленнях.
Ірына Дудка, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарвыканкама: Тых, хто атрымаліваў у банкаўскіх установах, г. зн. на карт-рахунак, змяненні не закрануць.
Іншую навіну абмяркоўваюць сёння тыя, каму да пенсіі яшчэ далёка. З 1 студзеня 2014 года павялічваецца мінімальны працоўны стаж з выплатай страхавых узносаў з 5 да 10 гадоў. Але як быць работніку, у якога пенсіённы ўзрост набліжаецца, а стаж менш за 10 гадоў?
Наталля Мурашкевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: Яму трэба пачакаць з пенсіяй, папрацаваць. Або згадзіцца на назначэнне сацыяльнай пенсіі, якая намнога менш, чым працоўная.
Выключэнне складуць інваліды дзяцінства і іх бацькі, а таксама шматдзетныя маці, якія выхавалі пяць і больш дзяцей.
Наталля Мурашкевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення пенсіённага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: Мера адрасаваная больш маладым работнікам. Яна накіроўвае іх на больш працяглае фарміраванне сваіх пенсіённых правоў, на працяглую легальную працу з выплатай абавязковых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Сёння ў Беларусі жывуць два з паловай мільёны пенсіянераў. А ў Мінску на мільён грамадзян, якiя працуюць, прыпадае мільён сто тысяч атрымальнікаў дапамог.
Уладзімір Жамчужнікаў, першы намеснік начальніка Мінскага ўпраўлення ФСАН: Памеры дапамог усіх хвалююць і ўсім пенсіянерам хацелася б, каб памер пенсій таксама павялічыўся. Яго трэба павялічваць. А павялічваць яго можна або шляхам павелічэння тарыфу страхавых узносаў, што рабіць непажадана, або павелічэннем колькасці работнікаў, якія ўносяць агульны ўклад у гэтую скарбонку. І гэта правільна.
З 1 лістапада працоўныя, мінімальныя і сацыяльныя пенсіі павышаюцца на 5 працэнтаў. Сярэдняя пенсія па ўзросце складзе амаль 2 мільёны 300 тысяч рублёў.














