Рубрыка Праменад

24 января 2014

Ад народніцы да клубнай дзівы - хто выступіць на мінскай сцэне ў гэты ўікенд, як па-мастацку разліваюць фарбы, і ці ёсць у Беларусі афрыканскія абарыгены.


Культурныя адказы - у Ніны Мажэйкі.


Панастальгіраваць прапануе гарадская мастацкая галерэя Шчамялёва. Страчаныя ключы ад дзяцінства - не, гэта не чарговая гісторыя кшталту Бураціна, менавіта так называецца выстава, якая выкрэслівае агульнапрынятыя нормы. Стварае палотны ў тэхніцы батык, якія не адрозніш ад звыклых шэдэўраў жывапісу, мастачка Ала Шкарадзёнак.


Батык - інданезійскае слова. Сутнасць ў тым, што па тканінах, пераважна натуральных - шоўк, бавоўна, шэрсць - разліваюць фарбы. Каб атрымаліся выразныя межы, на стыку наносяць спецыяльны фіксаж, які не дазваляе колеру распаўсюджвацца па ўсёй плошчы палатна. Паглядзець на жывапіс па тканіне можна штодзень у гарадской галерэі, якая знаходзіцца ў Серабранцы.


Тэка - дум. У суботу ў Палацы дзяцей і моладзі - фолк-экспрэс- фестываль. На адной пляцоўцы сыйдуцца адразу некалькі калектываў, якія прадставяць культуры розных бакоў свету. Перанясуць нават у стан трансу. Падгучыць этнічны баль - барабанны калектыў Тэкадум. Хлопцы і дзяўчаты адбіваюць рытм на аўтэнтычных афрыканскіх барабанах ручной работы. Кожны выраблены з цэльнага кавалка дрэва і нацягнутай скуры антылопы ці казы. Такі - у форме кубка - называюць джэмбэ.


Дарэчы, музыцыраваць на такім агрэгаце вучаць у адной са сталічных школ. Цэлы клас - рознага ўзросту. Тут вам паставяць рукі і нават дадуць барабан.


Іграюць на джэмбэ далонямі. Галоўнае ў гэтай справе - не адбіць рукі. Гэта, сцвярджаюць прафесіяналы, момант звычкі. А яшчэ ў суботу ўвечары рызыкуеце ўвайсці ў нірвану. Такія яны афрыканскія матывы…


Ад народніцы да соўл-спявачкі… Аліна Ос канчаткова зняла какошнік і гатова прадэманстраваць беларусам свае нарыхтоўкі па запісе сольнага альбома. Расійская зорка пакуль пераважна інтэрнэт-прасторы і клубнай тусоўцы спяе свае балады пад акустычную гітару разам з бяззменным напарнікам - Равілем Карымавым.


Тэксты дзяўчына піша сама… Некалькі месяцаў таму здзівіла сваім супрацоўніцтвам з расійскімі рэп-выканаўцамі. Працуе на мяжы жанраў - соул, джаз, фанк і нават рэгі. Дарэчы яе пазітыву хопіць на ўсіх. Алініны вялікія вочы нікога не пакінуць раўнадушным.