Балканскае святочна-пахавальнае этна, эксцэнтрычны ска-рок і сучасны экзатычны жывапіс у народным стылі. Сёння пятніца, а гэта значыць - час планаваць выхадныя.
Якая культурная праграма чакае мінчан і гасцей сталіцы, раскажа Юлія Лосікава.
Пасля сустрэчы с Кустурыцам ён прачнуўся сусветна вядомым. А больш дакладна, пасля іх сумеснай працы над кінастужкамі. Тандэм Кустурыцы і Брэгавіча, які ўжо паспеў распасціся, добра вядомы не толькі аматарам андэграўнднага кіно. Цыганскі мелас і балканскія напевы - іх стыль.
У Мінск Горан Брэгавіч прыедзе, на жаль, без Кустурыцы. Зараз ён працуе са сваім Святочна-пахавальным аркестрам. Іграюць яны балканскую цыганшчыну, пад якую можна і патанцаваць, і паплакаць, справіць вяселле. З нацыянальнай прыналежнасцю і аркестра, і Брэгавіча ёсць блытаніна. Яго называюць і сербам, і харватам, і нават балканцам. Сам жа Горан лічыць сябе югаслаўцам, які жыве ў Парыжы.
Цікава, што Брэгавіч, які так і не скончыў ні адной музычнай школы, шмат разоў намінаваўся на прэстыжныя прэміі як найлепшы кампазітар і музыкант. Нават яго саўндтрэк з фільма Час цыган адкрывае афіцыйную праграму Канскага кінафестывалю.
Зараз запісвайце: www leningrad cpb.ru. Гэтыя кодавыя словы вы павінны сказаць на ўваходзе ў канцэртную залу. Можа вам пашанцуе і на канцэрт гурту, які называе сябе савецкай варыяцыяй Пецярбурга, вы трапіце без квіткоў. Зараз пойдзе гаворка пра музычны гурт Ленінград, які прыехаў з гастролямі ў Мінск.
Гэты гурт - сумесь ска-панка, року, шансону і нават фальклору. Філасофскі-іранічныя, а часам і даволі лірычныя тэксты сталі мемам яшчэ ў пачатку нулявых. Тады кожны цытаваў мне б у неба ці www leningrad. У 2003 нязменны лідар гурту Сяргей Шнураў запісаў альбом саўндтрэкаў да стужкі Бумер. З таго часу пачалася эпідэмія Ленінград.
У 2008 гурт разышоўся назаўсёды. Але не прайшлі і два гады, як Шнураў зноў сабраў сваю банду і пасля рэбрэндынгу, дадаўшы лірыкі і кахання, пусціўся ў гастролі. Эпатажны Ленінград у гэтую нядзелю на сталічнай пляцоўцы.
А на салодкае прапаную вам экзатычны жывапіс у народным стылі ад Зоі Луцэвіч. Мастачка натхнілася беларускай вышыўкай і намалявала цэлую выставу кілімаў-самалётаў.
Кілім - шарсцяны бязворсавы дыван, які яшчэ і сёння можна знайсці ў бабулінай хаце. Гэта самы сапраўдны прадмет інтэр'ера. Але сучасная моладзь забылася пра такі цікавы аксесуар, а мастачка Зоя Луцэвіч узялася нагадаць усім, што такое дыванны ўзор. Аўтэнтычны беларускі ўзор яна рэканструюе і трансфармуе ў жывапіс.














