Зімовая справаздача ад айчыннага гурта RECHA, бландзінка за дыджэйскім пультам у адным са сталічных клубаў і газета замест палатна, дзе паглядзець карціны, якія звычайна пішуцца на вуліцы, - адказы ў рубрыцы Праменад.
Гарачы канцэрт у студзёную пару. У гэту суботу гурт RECHA абяцае раскрыць душу, як мяхі акардэона. Калектыву больш за дзесяць гадоў - здае зімовую справаздачу ў адным са сталічных клубаў. Як і заўсёды, публіку чакае рэхавы падыход да папулярнай музыкі - домра, гітара, акардэон і барабаны.
Да кожнай прэзентацыі хлопцы шукаюць сюрпрызы - таму падчас вялікага канцэрта ў камернай абстаноўцы мінскага паба выступяць іхнія калегі - музычны эксцэнтрычны гурт Гарадскі вал. На адной сцэне яны яшчэ раз сцвердзяць, мова - рэч, якая не можа быць бар'ерам. Асабліва музычная.
Гламурны дыск-жакей. 18 студзеня ў адным са сталічных клубаў за дыджэйскім пультам госця з Расіі - Ганна Клімава. Дзяўчына, якая яшчэ і салістка поп-калектыву, прывядзе свае аргументы на карысць электроннай музыкі ў жаночым выкананні.
І хаця, канешне, ў 21 стагоддзі здзівіць кагосьці бландзінкай-дыджэем вельмі складана - але так, як яна круціць пласцінкі, трэба пабачыць. У адным з аддзяленняў ўключае моцную зброю - вакал. Дыджэінгу вучылі знаёмыя майстры ў гэтым жанры, дзякуй, час і магчымасць на гэта ёсць, бо займаецца нават дома. Цэнтральную частку дамашніх апартаментаў займае дыск-жакейская ўстаноўка. Не прапусціце эпатажнае шоу ў гэту суботу.
Газета замест палатна - у Нацыянальным мастацкім музеі выстава вулічнага мастака Валерыя Ляшкевіча. Гэты дзядок з блакітнымі вачыма ўжо паспеў стаць мясцовай знакамітасцю ў Гомелі. Ведаюць па працах, часта бачаць на вуліцах горада. І хоць мастак ужо не ў тым узросце, каб быць паслядоўнікам нейкай субкультуры, на мінулым тыдні яму споўнілася 64, яго майстэрня знаходзіцца пад адкрытым небам. Тут ён піша, дае майстар-класы па выяўленчым мастацтве і прадае свае карціны. Кошт сімвалічны па мерках шэдэўра.
Піша падручнымі сродкамі: звычайнымі алоўкамі, часцей за ўсё на газеце.
Звычайным пэцкуном яго не назавеш. Вучыўся ў мастацкіх вучылішчах Яраслаўля і Бранска, займаўся на курсах пры Акадэміі імя Рэпіна ў Пецярбургу. Час экспазіцыі абмежаваны. Ацаніць наколькі ўпісваюцца яго працы ў вашу карціну свету можна да 27 студзеня.














