Рубрыка Праменад

11 июля 2014

Правесці выхадныя пад дахам мінскіх культурных устаноў. Выставы кітайскага жывапісу, партрэтныя фотаздымкі з саракавых, канцэрт поп-спявачкі, вечарыны, модныя паказы.


Пра насычанасць гэтага ўік-энду - у культурнай рубрыцы Праменад ад Юліі Лосікавай. Уік-энд у стылі ад 18-ці і больш. У Мінск прыязджае некалі поп-спявачка для тынэйджараў, а зараз - поп-дзіва для дарослых.


Нюша ў адным са сталічных клубаў адтанцуе свой сольнік, прабачце, адспявае, у новым вобразе. Ужо ніякіх кедаў і спартыўных камбінезонаў, толькі міні-сукенкі і абавязкова на высокіх абцасах. Стала дарослай.


Калі вы з юнацтва сочыце за зоркамі новай хвалі, то на гэтай вечарыне знайдзіце сабе месца бліжэй да сцэны ці барнай стойкі. Калі не - збірайцеся, і вы яшчэ паспееце, пачатак а 23-яй гадзіне.


Кітайская тэхніка жывапісу з-пад пэндзаля гродненскай мастачкі Марыны Эльяшэвіч. Мінеральныя фарбы, туш, папера. Не адыходзячы ад традыцый, мастачка ўсё робіць па рэцэпце. Асвоіла амаль што ўсе жанры кітайскага жывапісу і знайшла свой асаблівы, аўтарскі шлях у мастацтве.


Кітайскі жывапіс захоўваецца тысячагоддзямі незалежна ад асновы - шоўк, рысавая або бамбукавая папера. Мастачка Марына Эльяшэвіч зараз навучаецца ў Пекіне і набывае там ўсё неабходнае для творчасці, у тым ліку і натхненне.


Мода становіцца бліжэй да масс. Гэта ініцыятыва тых, хто не так даўно сам зайздросна сачыў за навінкамі ад-куцюр, а зараз рыхтуе свае асабістыя калекцыі. Паказы ў фармаце вечарын стартуюць ужо ў гэтую суботу, арганізатары рыхтуюць насычаную праграму і нават плануюць пераапрануць гасцей у дызайнерскае адзенне.


Мерапрыемства прадугледжвае дрэс-код. Неабходна выдзяляцца сярод іншых, і рыхтуйцеся, што гэта будзе даволі складана.


Як выглядалі пашпарты, датаваныя 1946 годам? Гэта былі кардонныя карткі з асабістай інфармацыяй і фотаздымкам. І нічым гэтыя жанравыя фота не адрозніваюцца ад тых, якія мы зараз робім у спецыяльных атэлье. Памер 3х3,5, белы фон і ніякай усмешкі. Літоўскі фатограф Вітаўтас Станёніс прапануе пераканацца ў гэтым. У Мінску ён выставіў 40 фотаздымкаў, якія ў 46-ым годзе рабіў яшчэ яго бацька, таксама Вітаўтас Станёніс.


На фота сядзяць па двое. Хто ў кашулі, хто ў дублёнцы. Ніякага спецыяльнага святла, белы фон - хатняя прасціна. Першы раз фотаздымкі экспанаваліся ў 1987 годзе ў Вільнюсе. І вось выставу прывезлі ў Мінск. Тым больш у суботу адзначаецца Дзень фатографа.


Скажыце ЧЫЫЫЗ. Цікава, вы з тых, хто павінен ненатуральна ўсміхацца на камеру, пад гэтае слова? Па статыстыцы ў Мінску фатографамі называюцца нават тыя, хто на свой айфон робіць селфі і інстаграміць сябрам.


Але знайшліся тыя сапраўдныя профі, хто працуе з вытрымкай і ведае што такое ФІШ і для каго пазыўным застаецца зараз вылеціць птушка. Іх вы ўбачыце ў суботу на танцпляцы маленькага амаль андэграўнднага клуба. Усе з фотакамерамі і абавязкова з сур'ёзнымі размовамі аб прафесіі.



Усе гэтыя падзеі ўжо сёння. Смакуйце сваё жыццё зараз, не чакайце наступнага ўік-энду.