Рубрыка Матчбол

13 мая 2013

У восьмым туры чэмпіянату краіны па футболе ўсе каманды цэнтральнага рэгіёну сінхронна атрымліваюць перамогі. А барысаўскі БАТЭ вяртаецца на хатнюю арэну. Сталічны МАПІД становіцца ўладальнікам Кубка Беларусі па міні-футболе, а баскетбалісты Цмокі-Мінск за крок ад залатых медалёў чэмпіянату.


 


Для тых, хто неабыякавы да спорту, Станіслаў Ліпскі з рубрыкай Матчбол.


Дом, мілы, дом. Футбол. Праз пяць месяцаў:  у восьмым  туры чэмпіянату барысаўчане, нарэшце, з’яўляюцца на хатнім гарадскім стадыёне, вяртаецца і Аляксандр Глеб. Сапернік - адзін з аўтсайдараў першынства - наваполацкі  “Нафтан”.  Вашай увазе рубрыка матчбола - з аглядам самых цікавых спартыўных падзей з жыцця Цэнтральнага рэгіёну.


Пасля папярэдняга, другога паражэння ў чэмпіянаце ад Дняпра 1-2, скептыкі ўжо пачалі сумнявацца, што барысаўчанам атрымаецца выйграць 10-ты тытул чэмпіёна. Тым больш, што пасля першага тайма ў гульні з Нафтанам - на табло нулі, пры гульні жоўта-сініх у большасці.


Выхад на поле Паўлава і Канцавога вызначаюць вынік матча - абодва аўтары галоў. Паўлаў яшчэ і асісціраваў Няхайчыку пры другім узяцці варот. Вынік матча - 3-0.


У Гродне Павел Сітко ўжо на трэцяй хвіліне выводзіць Шахцёр наперад 1-0 - лік не мяняецца да канца гульні. Футбольны клуб Мінск мацнейшы за Днепр 1-0, сталічныя дынамаўцы за брэсцкіх 2-0, Славія дорыць 3 ачкі аўтазаводцам з Жодзіна 3-0.


А вось незвычайны падарунак ветэранам  Вялікай Айчыннай вайны 9 мая ў Барысаве зрабілі легенды мясцовага і латвійскага футбола.


У складзе жоўта-сініх дзеючыя трэнеры: Віктар Ганчарэнка, Аляксандр Федаровіч, Аляксей Бага і нават старшыня Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта - Уладзімір Мірановіч, дарэчы, ён стаў аўтарам гола ўжо на 30-й секундзе. На яго рахунку галявыя перадачы і пры другім і трэцім узяцці варот. Агульны вынік  5-2 на карысць беларусаў.


Сталічны Палац спорту 9 мая апынуўся не толькі ў цэнтры святкавання Вялікай Перамогі, але і ў цэнтры міні-футбольных і баскетбольных баталій.


Мапід у эфектным стылі перайграў гомельскую каманду Беларуская чыгунка і стаў уладальнікам Кубка краіны - трэці год запар. За 10 секунд да канца асноўнага часу мінчане зраўнялі лік 2-2.


Праз дзве гадзіны на гэты ж паркет выйшлі баскетбалісты Гродна-93  супраць сталічных драконаў. Першая гульня 99-75, другая 101-79 на карысць мінчан. І ў серыі да трох перамог Цмокі павялі 2-0.


17 мая ў горадзе над Нёманам мінчане могуць паставіць кропку ў пытанні аб чэмпіёне краіны.


Хакей. Гэтай ноччу каманда Міхаіла Грабоўскага - Таронта ў 1/8 фінала Кубка Стэнлі зраўняла лік у серыі супраць Бостана 3-3. Выхаванец сталічнага “Юнацтва” на пляцоўцы правёў 18 хвілін, выніковых балаў не набраў. Рашаючы матч ужо сёння ў дзве гадзіны ночы.