Рубрыка Матчбол

12 мая 2014

Святочны антураж і агляд гульняў з удзелам беларусаў - у Станіслава Ліпскага.


Рубрыка Матчбол у найбліжэйшыя тры тыдні, безумоўна, будзе прысвячацца хакею. Прабачце, аматары іншых відаў спорту. Але чэмпіянат свету - падзея ў нашай краіне нумар адзін. Беларусы ў першым матчы гулялі супраць зборнай ЗША. Старт атрымаўся няўдалым.


У першым матчы чэмпіянату прапусцілі шэсць шайбаў - закінулі адну: Андрэй Сцяпанаў вызначыўся ў другім перыядзе. Паядынак так і скончыўся 1:6 на карысць каманды Злучаных Штатаў Амерыкі. На самым удалым для зборнай Беларусі чэмпіянаце свету па хакеі ў 2009 мы таксама пачалі з паражэння, і таксама ад паўночнаамерыканскай зборнай, і таксама 1:6, праўда, тады гэта была Канада. Але пасля стартавай няўдачы атрымалі запар 4 перамогі - і ў выніку занялі высокае 8 месца. Камандай кіраваў тады таксама Глен Хэнлан. Паралель, пагадзіцеся, прасочваецца. А тут яшчэ і дома гуляем, тым больш што ў другім матчы дружыне Глена Хэнлана супрацьстаяла зборная Казахстана. Апошні раз супраць гэтай каманды мы гулялі два гады таму на чэмпіянаце свету ў Фінляндыі: тады атрымалі перамогу 3:2, але ж у другім перыядзе лік 2:0 быў на карысць нашых сапернікаў. А вось учора парадаваць айчынных аматараў хакея атрымалася.


Пры гэтым ізноў прапусцілі першыя. Прыгнятаў цяжар адказнасці.


Але амаль 14 000 балельшчыкаў, як ніколі, падтрымлівалі беларусаў, тыя ў даўгу не засталіся. Спачатку ўсё той жа Андрэй Сцяпанаў выраўнаваў лік на табло, а потым Мікалай Стасенка закінуў пераможную шайбу. Паводле ўмоў акцыі Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, семдзесят пяць мільёнаў беларускіх рублёў Мікалай пакінуў у Мінску.


Сяргей Касціцын і Аляксей Калюжны перамогу зрабілі больш упэўненай - 4:1.


А тым часам хакейная атмасфера на найбліжэйшыя два тыдні ператварыла Мінск у святочны горад. Столькі замежных гасцей сталіца яшчэ не бачыла.


Цікавімся ў прыхільнікаў зборнай Казахстана, ці ўсё іх задавальняе.


Без спартыўнай часткі, дзе нехта прайгравае ці наадварот, такім эмацыйна разнастайным свята б не атрымалася.


На гэтым тыдні, акрамя хакея, - футбол, і які! У эфіры тэлеканала Беларусь 2 у сераду - фінал Лігі Еўропы, старт у 21:40 - гуляе Севілья і Бенфіка. А ў чацвер і суботу разам падтрымліваем Беларусь у паядынках супраць Фінляндыі і Германіі. Любіце спорт, беражыце сябе - і яшчэ ўбачымся!