Рубрыка Капітал

15 августа 2013

У Мінску расце кошт квадратнага метра на другасным рынку жылля. Яшчэ больш хуткімі тэмпамі павышаецца і зарплата. Каму даравалі даўгі за камунальныя паслугі і якія кошты ў сезон распрадаж на рынках сталіцы?


Рубрыка Капітал ад нашага эканамічнага аглядальніка Якава Буты. З-за памяншэння аб'ёмаў будаўніцтва ў Мінску кошты на другасным рынку жылля выраслі на 30 працэнтаў. Па словах рыелтараў, метр зараз выстаўляюць на продаж за 1600 долараў, прычым гэта тычыцца нават хрушчовак.


Эксперты звязваюць гэта ў першую чаргу са зніжэннем тэмпаў будаўніцтва на першасным рынку. Многія людзі, якія зразумелі, што чакаць новай кватэры прыйдзецца доўга, перайшлі на патрыманае жыллё - пачалі скупліваць танныя кватэры, рэзка падняўшы на іх попыт. Гэта выклікала няўхільны рост цэн. Штомесяц яны падымаліся на 2-4%. Найбольш запатрабаванымі па-ранейшаму застаюцца адна- і двухпакаёвыя кватэры. Павышаная пакупніцкая актыўнасць прывяла да звужэння другаснага рынку жылля. Калі ў пачатку бягучага года прапаноўваліся 4 тысячы 150 кватэр, то ў канцы чэрвеня 3 тысячы 800. У першым паўгоддзі ў Мінску адбылося амаль 7 тысяч здзелак з кватэрамі. Гэта на трэць больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.


Але зарплата мінчан таксама вырасла. Сярэдні заробак у Мінску дасягнуў 6 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Гэта амаль на палову больш, чым год таму.


Заробак жа бюджэтнікаў прыкладна на трэць ніжэйшы за сярэдні. У галіне аховы здароўя атрымліваюць па 4 мільёны 400. У адукацыі - па 4 з невялікім, а ў камунальных і сацыяльных сферах сярэдняя зарплата - 5 мiльёнаў 200 тысяч рублёў. У лідарах зарплатнага рэйтынгу Цэнтральны, Савецкі, Першамайскі і Партызанскі раёны.


34 заявы на спісанне пені памерам 260 мільёнаў рублёў задаволены. Мінская ЖКГ даравала жыхарам такую суму не на добраахвотных пачатках, а на заканадаўчых.
Каб зняць запазычаннасць, даўжніку трэба абгрунтаваць яе не на словах, а на афіцыйнай паперы - назваць прычыну затрымкі, маёмаснае становішча, пры неабходнасці прыкласці даведку аб даходах. Дарэчы, у большасці выпадкаў суд на баку ўласніка кватэры - праз месяц сума доўгу, як правіла, скасоўваецца.


За вядро чарніц просяць 170 тысяч, а лісічкі аддаюць амаль дарма - 33 тысячы за літр. Цэны на гародніну ў жніўні таксама знізіліся. Агуркі можна купіць па цане ад 3 да 10 тысяч за кілаграм, памідоры - ад 8 да 18 тысяч, капусту па 4-5 тысяч, чорную рабіну па 20 тысяч за кілаграм.