Ролер-марафон ладзіўся сёння ў Мінску

15 сентября 2013
Пяты раз ён аб'яднаў спартсменаў з Беларусі, Украіны, Расіі і Прыбалтыкі. Самаму малодшаму ўдзельніку ўсяго тры гады.

Каб даведацца, ці лёгка траса пакараецца навічкам і асам, наш карэспандэнт Анастасія Арцюшка сама стала на ролікі.

Ледзь навучыўшыся хадзіць, маленькі Мацвей стаў на ролікі. Паступова набіраўся вопыту, ахвотна катаўся з сябрамі ў двары. А сёння ён ужо прымае ўдзел у марафоне.

На роліках можна развіць хуткасць да 70 км/г . Пры такой хуткасці ўтрымліваць раўнавагу няпроста, таму прафесіяналы раяць выкарыстоўваць абарону і трэніравацца з інструктарам.

Для кожнага этапу дзіцячых спаборніцтваў - спецыяльная траса. Самым маленькім прыйшлося пераадолець дыстанцыю ў паўкіламетра. За перамогу змагаліся ўсе з аднолькавым імпэтам. Бо ведалі - наперадзе іх чакаюць узнагароды: медалі, дыпломы і нават салодкія падарункі.

Да марафону дапускаюцца толькі ўдзельнікі на ролікавых каньках, усе іншыя дапаможныя прыстасаванні забароненыя. Таксама спартсмены абавязаны выкарыстоўваць ахоўную экіпіроўку: шлем, накаленнікі, налакотнікі.

Самая доўгая дыстанцыя - 42 км, але марафонцаў гэта не палохае, наадварот, дадае натхнення для пераадолення трасы.

Сёлета ў спаборніцтвах прынялі ўдзел каля трохсот аматараў катання на роліках. Летась было ўдвая менш. А гэта значыць, што папулярнасць марафону з кожным годам набірае хуткасць.