Рэстаўрацыя сядзібы ў Лошыцкім парку перайшла ў завяршальную стадыю

15 января 2014
Зараз спецыялісты працуюць над аздабленнем пакояў: фарбуюць сцены, наносяць пазалоту і ўкладваюць паркет. Адзначым, рэканструкцыя помніка архітэктуры ідзе ўжо больш за 20 гадоў.

Наш карэспандэнт Аляксандр Харавец далучыўся да рэстаўрацыйных работ і ведае калі сядзіба адчыніць свае дзверы мінчанам і гасцям сталіцы.

Мікалай Лёля - мастак-рэстаўратар з асаблівым хваляваннем наносіць пазалоту на масіўныя дубовыя дзверы. На працягу двух гадоў майстар золатам упрыгожвае інтэр'ер Лошыцкай сядзібы. І хоць за 25 гадоў працоўнай практыкі, здавалася б, павінен гэта рабіць з заплюшчанымі вачамі - кожны раз хвалюецца, што можа памыліцца і не зусім дакладна нанесці малюнак.

Мікалай разам з жонкай штодзень купаюцца ў золаце. Менавіта пры непасрэдным удзеле сям'і Лёляў блішчыць зорка на плошчы Перамогі, нанесена пазалота на элементы дэкору ў Мірскім, Нясвіжскім і Лідскім замках.

Зразумела, сусальным золатам сёння элементы не ўпрыгожваюць. Сучасныя фарбы дазваляюць настолькі добра сымітаваць жоўты метал, што нават праз 2 стагоддзі камар носа не падточыць. Чаго нельга сказаць пра дрэва. Напрыклад, вось гэтай дубовай лесвіцы больш за 150 гадоў. І, нягледзячы на тое, што захавалася яна нядрэнна, 4 рэстаўратары працуюць над ёй ужо 6 месяцаў.

Рэстаўратары пакоі Лошыцкай сядзібы называюць гульнёй у стылі. Паводле розных гістарычных даных, за час яе існавання тут змянілася ад 12 да 14 уладальнікаў. Самыя вядомыя - Талачынскія, Друцкія-Горскія, Прушынскія, Любанскія. Усе імкнуліся надаць дому індывідуальнасць. Таму кожны пакой, а ўсяго іх 24, распісаны ў сваім стылі. Пры гэтым у некаторых на сцены накладзеныя амаль 10 слаёў фарбы.

Зараз на рэканструкцыі помніка архітэктуры штодзень працуюць амаль 3 дзясяткі рэстаўратараў. Прычым кожны майстар стараецца захаваць аўтэнтычнасць і надаць першапачатковы выгляд старажытнаму аб'екту.

20-гадовая рэстаўрацыя сядзібнага дома падыходзіць да лагічнага завяршэння. Праз 2 месяцы аб'ект будзе здадзены. А першых наведвальнікаў дом прыме ўжо вясной.