Праектны этап стварэння Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка завершаны

29 июня 2013

Генеральны план асваення тэрыторыі зацверджаны ўрадам і зараз ідзе актыўны пошук інвестараў.


Як будзе выглядаць індустрыяльны горад пад Смалявічамі - раскажа Аксана Шыдлоўская. Кітайска-беларускі індустрыяльны парк - гэта перспектыўная пляцоўка для рэалізацыі бізнес-праектаў з замежнымі партнёрамі. Ужо зацверджаны генеральны план парка і ў найбліжэйшы час распачнецца асваенне тэрыторыі - 8 тысяч гектараў.


Першы этап - стварэнне інжынерна-транспартных камунікацый. Паколькі інфраструктура павінна з'явіцца ў чыстым полі, працэс будзе працаёмкім. У выніку тэрыторыя Смалявіцкага раёна ператворыцца ў сапраўдны індустрыяльны горад - з вытворчасцямі, жылымі раёнамі, цэнтрамі развіцця навукі і тэхналогій. Прамысловая і лагістычная зоны стануць своеасаблівым цэнтрам тэхнапарка. Першы ж этап асваення тэрыторыі ў 1120 гектараў разлічаны да 2020-га года. Паўночная пляцоўка будзе прамысловай, паўднёвая - жылой. Пошукі інвестараў вядуцца актыўна, ужо ёсць папярэднія дамоўленасці з некалькімі буйнымі замежнымі кампаніямі.


Кірыл Карацееў, першы намеснік генеральнага дырэктара сумеснай кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка: Першыя рэзідэнты - гэта невялікія прадпрыемствы з аб'ёмам інвестыцый ад 5 да 10 мільёнаў долараў, тэрыторыя вытворчасцяў невялікая - максімум 4 га.


Зручнае месцазнаходжанне - толькі адна з пераваг будучага індустрыяльнага парка. Побач - Смалявічы, Мінск, нацыянальны аэрапорт. Таму стварэнне аўтамагістраляў - вымушаная неабходнасць.


Кірыл Карацееў, першы намеснік генеральнага дырэктара сумеснай кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка: Усе праектныя рашэнні, якія былі падрыхтаваныя генеральным планам, носяць комплексны характар. Вырашаюць не толькі задачы, накіраваныя на развіццё індустрыяльнага парка, але і на рэгіён - на сувязь з горадам Мінскам, са Смалявічамі, сувязь з аэрапортам.


Стварэнне асобнай эканамічнай зоны на тэрыторыі Мінскай вобласці - інвестыцыя з перспектывай для развіцця рэгіёна. Парк, які пакуль толькі расце дзякуючы 3Д-графіцы, ужо ў найбліжэйшы час стане рэальнай бізнес-пляцоўкай.