Праблема недахопу медыцынскіх кадраў застаецца ў Беларусі

12 марта 2014
Беларуская стаматалогія ўкамплектаваная спецыялістамі на 100 працэнтаў, а вось, участковых урачоў, анестэзіёлагаў і рэаніматолагаў у нашай краіне не хапае. Самыя апошнія лічбы кадравай сітуацыі ў галіне медыцыны прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя нашай краіны напярэдадні назвалі падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Сёння за здароўе мінчан змагаюцца каля 10 тысяч дактароў. Гэта, дарэчы, на 200 спецыялістаў больш, чым летась. Аднак праблема недахопу медыцынскіх кадраў застаецца, бо кожны год насельніцтва сталіцы павялічваецца як мінімум на 20 тысяч чалавек. Часткова гэтае пытанне вырашае новая магчымасць афіцыйнага працаўладкавання студэнтаў 4-6 курсаў. Ды і саміх інтэрнаў штогод становіцца больш.

Тым не менш паступіць у медыцынскі універсітэт па-ранейшаму пад сілу не кожнаму. Прэстыж прафесіі сёння вымяраецца ў 340 балаў - гэта прахадная лічба на большасць медыцынскіх спецыяльнасцяў.