Прадстаўнікі шаснаццаці краін змагаюцца за званне лепшага балельшчыка

20 мая 2014
Многія пераадолелі тысячы кіламетраў, каб апынуцца на трыбунах Мінск-Арэны.

Ля спарткомплексу знаходзіцца наш карэспандэнт Дар'я Бігун.

Як вядома, з фанатам можна не размаўляць, а па яго вобразе здагадацца, з якой ён краіны. Альпійская карова, індзеец і нават Дзед Мароз. У перыяд чэмпіянату свету па хакеі такія героі на сталічных вуліцах - з'ява звычайная. Кожны фанат, пераадолеўшы шлях у тысячы кіламетраў, спрабуе вылучыцца з натоўпу. Прадстаўнікі шаснаццаці краін - удзельніц чэмпіянату свету змагаюцца за званне лепшага балельшчыка. Дэталёва прадумваюць непаўторны вобраз-асацыяцыю.

Самыя простыя і папулярныя атрыбуты хакейных балельшчыкаў - шалік і майка з назвай краіны, маленькія флажкі і вялікія флагі. Эпатажныя фанаты не грэбуюць смелымі дэталямі - надзяваюць галаўныя ўборы з рагамі, а расійскія фанаты нават падчас цёплага надвор'я не здраджваюць шапкам-вушанкам.

Дарэчы, пра амуніцыю з сімволікай сваёй краіны балельшчыкі паклапаціліся загадзя - галоўныя рэчы прывезлі з сабой. Вобразы разнастаілі і беларускім каларытам, набыўшы саламяныя капелюшы, драўляныя дудкі, гліняныя свісцёлкі, а ў дадатак - сувеніры з выявай Волата. Дрэс-код хакейных фанатаў не мае абмежаванняў!

І яшчэ адна важная дэталь. Распісванне твараў. Аквагрым. Традыцыйна перад матчамі ўсе фанаты малююць на шчацэ флаг сваёй краіны. Я таксама далучылася да іх і, як бачыце, гатовая да вячэрняга матча Беларусь - Расія.