Прадпрыемствы Мінскай вобласці пашыраюць рынкі збыту

12 июня 2013

Доля экспарту гатовай мяса-малочнай прадукцыі павялічыцца да 50 працэнтаў, а ў БелАЗа з'явяцца новыя пакупнікі. Прадпрыемствы Мінскай вобласці склалі план па павелічэнні экспарту і пашырэнні рынкаў збыту. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік рэгіёну Барыс Батура.


Як разгружаюць склады і дзе запатрабаваныя нашы тавары, ведае Аляксей Кандраценка. Губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура сёння акрэсліў шляхі актывізацыі знешнеэканамічнай дзейнасці рэгіёну. У аблвыканкаме прагучалі дакладныя лічбы і канкрэтныя бізнес-планы. Сёлета аб'ёмы знешняга гандлю ў вобласці растуць, сальда станоўчае. Але гэта не падстава расслабляцца - адразу заявіў старшыня аблвыканкама. Асноўны камерцыйны арыенцір - Расія і краіны СНД, усяго амаль 80 дагавораў аб супрацоўніцтве. Так, ужо гэтым летам ў Карагандзінскай вобласці Казахстана адкрываецца сумеснае прадпрыемства па зборцы БелАЗаў. Актыўны і расійскі Кузбас.


Беларускія машыны запатрабаваныя і ў Арменіі на новых залатых капальнях. Падпісанне кантрактаў чакаецца ў жніўні. Дарэчы, тады ж на заводзе ў Жодзіне з'явіцца і першы 450-тоннік.


Барыс Батура, старшыня Мінскага аблвыканкама: З выпускам гэтай машыны павялічацца і аб'ёмы экспартных паставак, і пашырыцца геаграфія паставак БелАЗа.


За апошні час у вобласці з'явілася 130 новых прадпрыемстваў. Не стаіць на месцы і мадэрнізацыя старых.


Барыс Батура, старшыня Мінскага аблвыканкама: Мы сур'ёзна працуем і па прыцягненні прамых замежных інвестыцый. У нас заданне сёлета - 250 мільёнаў долараў, а мы ўжо прыцягнулі больш за 180 мільёнаў долараў.


Наша мяса-малочная прадукцыя папулярная ў суседзяў, але знак якасці трэба трымаць высока, падкрэсліў губернатар, інакш канкурэнты абыдуць. Пры гэтым акцэнт робіцца на экспарце гатовай прадукцыі. Напрыканцы брыфінгу Барыс Батура падвёў вынік - да канца года склады прадпрыемстваў вобласці будуць загружаныя максімум на ўзроўні месячных запасаў для рэалізацыі.