Апошні дзень, каб пакатацца на каруселях

13 октября 2013

З заўтрашняга дня паркі закрываюць сезон масавых катанняў. За зіму каруселі некалькі разоў абследуюць спецыялісты, каб у наступным сезоне атракцыёны радавалі самых маленькіх мінчан і іх бацькоў. Новы ж сезон пачнецца толькі ў красавіку наступнага года.



Чым парадуюць паркі ў міжсезоннасць і як будуць забаўляцца мінчане зімой, высвятляла Антаніна Станкевіч.


Вялізныя чэргі перад касай у Цэнтральным дзіцячым парку красамоўна сведчаць: мінчане ловяць апошні момант. Да таго ж і надвор'е сёння спрыяе. А таму многія сем'і на некалькі гадзін выбраліся ў паркі горада.


Ужо з заўтрашняга дня атракцыёны завяршаюць сваю працу да наступнай вясны. Згодна з правіламі тэхнікі бяспекі, атракцыёны не могуць працаваць падчас вельмі нізкіх тэмператур і ападкаў. А сіноптыкі як раз і прагназуюць пахаладанне. Але гэта не значыць, што паркі горада перастануць працаваць. Зімой яны стануць пляцоўкай для правядзення масавых навагодніх, калядных і масленічных гулянняў. Пакатацца тут жа на санках і лыжах таксама ніхто не забараняе.


У наступным годзе перад адкрыццём сезона спецыяльная камісія праверыць усе каруселі, каб выключыць верагоднасць НЗ. І толькі потым новы сезон можна будзе лічыць адкрытым.