Падарункі да свята гатовыя

14 декабря 2013

Беларускія кандытарскія фабрыкі да Новага года і Раства нарыхтавалі больш за паўмільёна салодкіх каробак. Для пакупнікоў прапаноўваюць падарункі да 2 кілаграмаў. Хто выбірае і збірае падарункі для дзяцей і чаму аддаюць перавагу бацькі - у сюжэце Наталлі Кезік.


Гэтыя жанчыны па праве могуць называць сябе памочніцамі Дзеда Мароза. У перадсвяточныя дні яны гатовы працаваць у дзве змены, толькі б паспець нарыхтаваць салодкіх падарункаў у дзядулін чырвоны мяшок.


Падарункі ў цэху збіраюць у дзве змены 104 чалавекі. Асартымент - 27 відаў каробак рознай вагІ і 95 відаў цукерак.


З гэтага цэху штодзень як мінімум 10 тысяч падарункаў адпраўляюцца ў магазіны. І менавіта ад гэтых жанчын залежыць колькасць і якасць цукерак у падарунку. Менавіта яны ведаюць, колькі якога прадукту палажыць у каробку.


Але ўласнае знаёмства з адной з супрацоўніц не гарантуе больш салодкі падарунак. Жанчыны працуюць па пэўнай схеме, а на выхадзе з цэха падарункі абавязкова ўзважваюцца. Лішнія цукеркі не застануцца незаўважанымі. Сёлета гарадскія ўлады па-асабліваму падышлі да выбару падарункаў на галоўную ёлку - аб'явілі конкурс на лепшага вытворца.


У мінчан ужо ёсць магчымасць прыгледзецца і да падарункаў на прылаўках - яны з'явіліся ў гандлі ў пачатку снежня. Вытворцы абяцалі падрыхтаваць 580 тысяч навагодніх салодкіх камплектаў. На паліцах багацце святочных каробак вагой ад 300 грам да 2 кілаграмаў. У трэндзе таксама ласункі, змешчаныя ў мяккіх цацках. Але часам бацькі самастойна ўкамплектоўваюць святочны набор.


Дарэчы, магазіны ўжо рыхтуюцца да ажыятажнага попыту на падарункі, цукеркі, мандарыны і шампанскае. Як запэўніваюць самі прадаўцы, лепш не пакідаць на 31 снежня тое, што можна без чэргаў і мітусні набыць зараз.