Падарункі да 8 Сакавіка

7 марта 2014
Моцная палова краіны занялася самай жаночай справай - шопінгам. Ад плюшавых да вечнаквітнеючых - сталічныя крамы запаланілі букеты на любы густ і кошт. А ў кандытарскіх аддзелах таксама распускаюцца кветкі, праўда, салодкія з масцікі. Да жаночага свята застаецца літаральна дзень.


А таму тым, хто яшчэ не вызначыўся з падарункам, дапаможа сюжэт Аляксандры Драгун.

Напярэдадні 8 Сакавіка ўсе мужчыны ў пошуку арыгінальнага падарунку. Прыдумаць нешта новае складана, ды і не заўсёды хапае фантазіі. Мы паспрабуем сэканоміць час і знайсці найбольш цікавыя прапановы.

Выбар кветак таксама мастацтва. А таму традыцыйнымі цюльпанамі і мімозамі здзівіць складана. Цыкламены, паслён, архідэі, ванда. Асабліва педантычныя мужчыны аддаюць перавагу пакаёвым раслінам, якія квітнеюць круглы год.

Разам з далікатнымі кветкамі мужчынам прапануюць падарыць ... ўчынак! Гэта акцыя, якая нядаўна прыжылася ў Мінску. Гіганцкае сэрца-кур'ер перадасць вашы пачуцці і віншаванні ў лепшым выглядзе!

Ад гузікаў да паветраных шароў. У букеты збіраюць, здавалася б, самыя звычайныя прадметы. Напрыклад, святочную кампазіцыю са шкарпэтак можна зрабіць усяго з 5 пар. Для гэтага спатрэбяцца шпажкі, абгортачная папера і атласныя стужкі.

Плюшавыя, салодкія і нават букеты, якія размаўляюць, - альтэрнатыва жывым. Некаторыя складана адрозніць ад сапраўдных кветак. Яны беражліва сабраныя ў кампазіцыю і спакаваныя ў арганзу або мешкавіну.

Ёсць і тыя, хто любіць, каб было ўсяго і пабольш, а таму ў святочны кошык садзяць плюшавых звяроў разам з шакаладнымі цукеркамі і жывымі кветкамі.

Букет на дзясятак гадоў прапаноўваюць фларысты. Яркія кампазіцыі, няхай і з засушаных траў, але з гербарыем не асацыююцца. Такія духмяныя вазоны прастаяць пад шклом амаль паўстагоддзя.

Узбітыя сліўкі, ванільны мус, арэхавы бісквіт, шакаладны крэм... Ласункі ніколі не выходзяць з моды. Асабліва, калі прывабны вонкавы выгляд адпавядае смаку. Праўда, ёсць і невялікі мінус - такі падарунак шкада спрабаваць.

Безумоўна, важны не падарунак, а ўвага. Але прыемныя дробязі дапоўняць шчырае віншаванне і зробяць свята незабыўным.