Амаль тысячнай калонай Дзеды Марозы і Снягуркі прайшліся па сталіцы

25 декабря 2013

Ярка, відовішчна і дружна. Сёння ўсе Дзеды Марозы і Снягуркі сталіцы адной вялікай калонай прайшліся ад Кастрычніцкай плошчы да Нямігі. Пераднавагодняе шэсце казачных персанажаў стала ужо традыцыйным. Падчас амаль кіламетровага падарожжа гучалі песні і віншаванні.


За незвычайнай калонай назірала Антаніна Станкевіч. Гэта зусім не Рыа-дэ-Жанейра: у якасці дэкарацый не хапае зялёнага колеру, сонца і трыццаціградуснай цеплыні. Але сталічны карнавал атрымаўся не менш яркім і вясёлым.


У амаль тысячнай калоне прымаюць удзел Дзеды Марозы з усёй сталіцы. Разабрацца, хто з іх сапраўдны, а хто проста так пераапрануўся, зусім нескладана. Усе яны ў адзін голас запэўніваюць: маўляў, мы усе самыя што ні на ёсць сапраўдныя.


Не толькі ў Мінску адбыўся незвычайны парад казачных персанажаў. Нягледзячы на несталічныя памеры, са сталічным размахам святкуюць сёння і ў Мінскай вобласці. У 10-тысячных Старых Дарогах свой зімовы карнавал і сваё шэсце Дзедаў Марозаў.