Напярэдадні вечарам галоўнае святочнае набажэнства прайшло ў Чырвоным касцёле ў Мінску. Сёння ва ўсіх храмах службы працягваюцца.
Наталля Тарасюк як раз знаходзіцца ў касцёле святых Сымона і Алены. Хрыстос нарадзіўся - Бог аб'явіўся! Католікі сёння працягваюць святкаваць Божае Нараджэнне. Ва ўсіх касцёлах пройдуць набажэнствы. З самай раніцы ў Чырвоны касцёл ідуць людзі, каб пакланіцца дзіцятку Хрысту.
Ісус, які нарадзіўся ў Віфлееме больш за 2 тысячы гадоў таму, - гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца. Варта адзначыць, што ў Чырвоным касцёле шмат людзей з лампадамі, у якіх знаходзіцца менавіта віфлеемскі агонь.
Сёння вернікі не толькі ідуць у касцёл, але і збіраюцца разам за сталом. Яшчэ адна з добрых традыцый свята - падарункі. Дзіцятка Хрыстос атрымаў у Віфлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Таму і мы складаем іх пад святочнай ёлкай сваім блізкім, дзелячыся праз гэта радасцю свята Божага Нараджэння.
Вернікі прадоўжаць віншаваць адно аднаго са святам яшчэ восем дзён - гэта так званая актава Божага Нараджэння. Яе завершыць урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.
У сваім пастарскім пасланні на Раство Хрыстовае архібіскуп заклікаў вернікаў паспяшацца ў Віфлеем найперш у духоўным сэнсе, адважыцца выйсці з грэшных звычак і задавальненняў, знайсці месца Хрысту ў сваім сэрцы і сваёй душы, звярнуцца да Бога, каб нарэшце сустрэцца з ім. Раство - гэта асаблівы час, калі можна спаткаць Збавіцеля.














