Першы рэспубліканскі конкурс юных пчаляроў

28 апреля 2014
Пчаляры Мінскай вобласці разлічваюць на добры збор мёду ў гэтым сезоне. Дзякуючы ранняй вясне ўжо на ўсю моц кіпіць работа на пчальніках. Таму ў Смілавічах адбыўся першы рэспубліканскі конкурс юных пчаляроў.

У чым спецыфіка вытворчасці салодкага прадукту і дзе рыхтуюць прафесійных спецыялістаў мядовай індустрыі - знайшоў адказы Аляксей Кандраценка.


Яшчэ некалькі хвілін і тэарэтычная частка экзамену скончыцца. З добрымі ведамі на практыцы больш упэўнены ў сабе. 10 школьнікаў з усёй Беларусі спаборнічаюць за званне лепшага пчаляра. Наталля - адзіная дзяўчына на конкурсе - прыехала з Уздзенскага раёна. Шчотка, стамеска і дымар - усё, што трэба, каб пчолы зразумелі хто тут гаспадыня.


Стандартная пчаліная сям'я - прыклад надзвычай фантастычнай дэмаграфіі. У кожным такім вуллі пражываюць у сярэднім 50 тысяч пчол. Галоўная задача юных пчаляроў - вызначыць і ацаніць іх жыццяздольнасць. Работу ацэньвае журы: прафесіяналы з Беларускага саюза пчаляроў.


Сёння прафесійных бортнікаў ў Беларусі рыхтуе толькі Смілавіцкі аграрны каледж. Ды і тое - завочна. Пчалярамі хочуць стаць нямногія. Хтосьці працягвае дынастыю, але цікавасць да прафесіі не знікае.

Мала хто задумваецца, але мёд - не толькі смачны і карысны прадукт. Пчолы - руплівыя памочнікі і ў сельскагаспадарчых справах. Гэтыя крылатыя насякомыя сваім апыленнем павялічваюць ураджайнасць многіх культур на 30 - 50%. Істотны ўклад у вялікую справу харчовай бяспекі.