Першы міжнародны рэтрамотафестываль

6 июля 2013

Каля паўсотні аматараў даўніны і драйву сабраў Першы міжнародны рэтрамотафестываль. Сярод удзельнікаў - госці з Расіі, Украіны, Латвіі і Чэхіі. З незвычайным байкерам, які аб'ездзіў амаль усе кантыненты, пазнаёміўся наш карэспандэнт Андрэй Козел.



Аглушальны роў, які выдае гэты матацыкл, на жаль, не чуе яго ўладальнік. Чалавек-легенда - менавіта так называюць нашага земляка Уладзіміра Ярца: за 13 гадоў ён, глуханямы, наведаў 134 краіны.


Два колы і фотаапарат - гэта ўсё, што патрэбна Уладзіміру для вандроўкі. За яго плячыма ўжо больш за 750 000 кіламетраў. Акрамя жадання ўбачыць увесь свет, беларускі байкер хоча трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса як адзіны ў свеце глуханямы чалавек, які здзейсніў кругасветнае падарожжа на матацыкле.


Міжнародны рэтрамотафестываль Кола часу - 2013 праходзіць у Беларусі ўпершыню. За кубак фестывалю і дэфіцытныя дэталі пазмагаюцца 15 удзельнікаў. Каб выбраць лепшага, арганізавана рэтраралі Сябры. Асноўны элемент спаборніцтва заключаецца не ў перамяшчэнні на хуткасць, а ў дакладным выкананні правілаў дарожнага руху і прапанаваных заданняў.


Матацыклы марак Ява, Мінск, Масква і нават даваенны БМВ 1939 года ўжо рыхтуюць да старту. Хтосьці працірае свой рэтрабайк, хтосьці хвалюецца… А хтосьці ўжо гатовы забраць кубак фестывалю.


Пасля завяршэння фестывалю Кола часу - 2013 удзельнікі збяруцца за круглым сталом, каб абмеркаваць перспектывы развіцця рэтрамотатурызма ва Усходняй Еўропе і падзяліцца неацэнным вопытам.