Першыя рэкорды жніва

24 июля 2014

У Мінскай вобласці - чатыры экіпажы-тысячнікі! У лідарах - камбайнеры Слуцкага і Салігорскага раёнаў. Сёння рэкардсменам жніва ўручылі ганаровыя граматы і падарункі. Усяго з палёў звезена амаль 360 тысяч тон зерня, апрацавана амаль 90 тысяч гектараў палеткаў.


Падрабязнасці - у Наталлі Кезік. Аднакласнікі і за штурвалам аднаго камбайна… Аляксандр і Мікалай - сябры з дзяцінства - чатыры гады таму ў пары пачалі працаваць на ўборачнай. А сёлета першымі ў вобласці намалацілі тысячу тон зерня. Сёння героі літаральна на дзесяць хвілін спынілі працу, каб атрымаць ганаровыя граматы і падарункі. Хоць і сталі лепшымі, але збожжа ў полі чакаць не будзе.


Гэтая гаспадарка ў Слуцкім раёне - адна з лепшых у вобласці. Яе ведаюць па выдатных надоях малака. Сёлета на жніве працуюць шэсць экіпажаў. У гаспадарцы вырашылі трымаць марку лепшых - і за некалькі дзён убралі трэць палёў. З кожнага гектара - не менш за 35 цэнтнераў. Але на фініш пакінулі самыя ўраджайныя палі, таму і разлічваюць, што паказчыкі ўраджайнасці яшчэ падрастуць.


Сярод рэкардсменаў ёсць і малады экіпаж. Мікіта - студэнт пятага курса і гэтая ўборачная для яго таксама пятая. Пасля ўніверсітэта плануе вярнуцца працаваць у гэтую ж гаспадарку і разам з Яўгенам - сябрам дзяцінства - яшчэ папрацаваць на камбайне.


У Мінскай вобласці - чатыры экіпажы-тысячнікі і тры вадзіцелі, якія перавезлі па тысячы тон зерня.


На сёння ў Мінскай вобласці абмалочана амаль 90 тысяч гектараў - прыкладна 17% ад агульнай плошчы. У лідарах Капыльскі, Слуцкі і Клецкі раёны. А вось на поўначы рэгіёну гаспадаркі толькі пачалі жніво.


Найбольш ураджайныя палі сёлета ў Нясвіжскім раёне. Там камбайнеры з гектара збіраюць 66 цэнтнераў зерня. У сярэднім па вобласці ўраджайнасць - 40 цэнтнераў с гектара. Але канчатковыя лічбы стануць вядомыя крыху пазней, калі ўборачная кампанія цалкам ахопіць цэнтральны рэгіён.