Апатыя, стомленасць, бяссонніца, адсутнасць апетыту і дрэнны настрой. Звычайныя сімптомы восені. Медыкі нярэдка ставяць дыягназ восеньская дэпрэсія. Што гэта за хвароба? Антаніна Станкевіч ведае, як не паддавацца ёй.
Гэтая жанчына прасіла назваць яе Вольгай і не паказваць твар. Ужо амаль два тыдні яна знаходзіцца ў 10-й клінічнай бальніцы. Дыягназ урачоў - дэпрэсія. Вольга хвалюецца, як бы не атрымаць непрыемнасцяў на працы з такім дыягназам.
З такімі сімптомамі да ўрачоў восенню нярэдка звяртаюцца мінчане. Але гэта не значыць, што ім адразу паставяць дыягназ дэпрэсія. Сезонныя перапады настрою - з'ява нармальная. І калі дрэнны стан працягваецца два-тры дні, хутчэй за ўсё нічога страшнага з чалавекам не адбываецца. Іншая справа, калі настрой не мяняецца з мінуса на плюс на працягу двух тыдняў. Самы час біць трывогу.
Думаць, што дэпрэсію можна вылечыць задушэўнай размовай з сябрамі, памылка. Тут ужо работа для псіхатэрапеўта. Да таго ж, дэпрэсію лечаць комплексна: пры дапамозе лекаў і фізіяпрацэдур. Як правіла, у комплексе назначаюць водныя і святлопрацэдуры.
Восеньскія перапады настрою нярэдка блытаюць з дэпрэсіяй. Тут дапамагчы можа і фізічная нагрузка, і заняткі любімай справай і нават правільныя прадукты, накшталт рыбы ці шакаладу. А ў гэтым офісе дэпрэсій не бывае, сцвярджае кіраўнік IT-кампаніі Аляксей. Каб прадухіліць магчымыя стрэсы, штодня тут праводзяць зарадку. Раз на тыдзень да праграмістаў прыходзіць трэнер па здаровым ладзе жыцця. Барыс Прадуха ўпэўнены: ад дэпрэсіі і хандры не пакутуюць тыя, хто ўмее своечасова адпачыць і расслабіцца.
Псіхолагі і ўрачы раяць не адмаўляць сабе восенню ў маленькіх радасцях і часцей балаваць сябе. Такім чынам восень праляціць незаўважна, а там ужо і Новы год - адно з самых доўгачаканых святаў.














