Каля 1300 пажараў адбылося сёлета ў Мінскай вобласці

4 декабря 2013
155 чалавек загінулі, 5 з іх - дзеці. Прычына амаль усіх узгаранняў - курэнне ў нецвярозым стане. Таму МНС вобласці штомесяц арганізуе рэйды па сацыяльна небяспечных сем'ях.

У адным з такіх рэйдаў сёння пабывала і наш карэспандэнт Марына Мураўёва.

Пафарбаваная праводка, адсутнасць перадтопачнага ліста, непабеленая печ, самаробныя абагравальнікі. Гэта, дарэчы, не ўвесь спіс парушэнняў, якія выяўляюць падчас сваіх рэйдаў інспектары МНС вобласці.

Штомесяц інспектары МНС сумесна з сацыяльна-педагагічнай службай праводзяць рэйды па супрацьпажарнай бяспецы. У дамах сем'яў, якія стаяць на ўліку як сацыяльна небяспечныя, яны частыя госці.

Сёння раённыя службы прыйшлі з рэвізіяй да сям'і Карчыганавых. Непабеленая і няспраўная печ ў мінулыя візіты стала прычынай двух штрафаў.

Часта толькі такія рэйды і пакаранне рублём могуць паўплываць на нядбайных бацькоў.

Да агульнай карціны парушэнняў дадаецца слабасць бацькоў да спіртнога. 80% усіх пажараў вобласці, а іх за 11 месяцаў амаль 1300, адбылося менавіта па прычыне п'янства і курэння ў нецвярозым стане. 155 чалавек загінулі, 5 з іх - дзеці.

Напярэдадні навагодніх застолляў у пачатку наступнага тыдня стартуе рэспубліканская акцыя Бяспечны Новы год.

У канцы гэтага тыдня свае вынікі падвядзе акцыя Не прапальвай сваё жыццё. Яна прайшла ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці.