Чэргі ў сталічных ЗАГСах прымушаюць маладых шукаць альтэрнатыўнае месца для рэгістрацыі шлюбу

20 июля 2013

Сёння ў трэндзе сельсаветы. Маладых прываблівае адсутнасць чэргаў і наяўнасць беларускай аўтэнтыкі падчас вясельнай цырымоніі.


Уражаннямі аб выязной рэгістрацыі падзеліцца Надзея Сербіненка.


Ліпень. Разгар вясельнага сезона. ЗАГСы Мінска перагружаны. За адзін дзень сюды паступае да ста заяў аб рэгістрацыі шлюбу. Сёння маладых могуць запісаць толькі на кастрычнік-лістапад.


У ЗАГСаў Мінскага раёна ёсць сур'ёзная перавага над сталічнымі - час. 30-40 хвілін для рэгістрацыі адной пары ў Бараўлянах супраць 10-ці ў Мінску. За няпоўную гадзіну паспяваюць арганізаваць і традыцыйныя абрады.


Змяненні ў Кодэксе аб шлюбе і сям'і, прынятыя год таму, далі магчымасць кожнай пары распісацца не толькі ў любым ЗАГСе краіны, а нават і ў любым прывабным месцы. Папулярнымі сталі выязныя рэгістрацыі ў Нясвіжскім замку і гарадской ратушы. Супрацоўнікі мясцовага ЗАГСа могуць запрасіць на роспіс сям'ю Радзівілаў.


З адменай закона аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ўзнікае парадокс. Маладыя з рэгіёнаў хлынулі ў сталіцу, а мінчане ў пошуках экзотыкі і нізкіх цэнаў накіроўваюцца ў сельсаветы. Здараецца і так, што непрадбачлівыя мінчане проста не паспяваюць падаць заяву на патрэбную ім дату. Але ў супрацоўнікаў ЗАГСаў на гэты конт сваё меркаванне.


Згодна з законам, любая пара можа пабрацца шлюбам ужо праз 3 дні пасля падачы заявы. Але, як вядома, каханне не церпіць адкладаў. Калі ж мінскія ЗАГСы не могуць вас прыняць, а сэрца імкнецца насустрач законнаму шлюбу, то дзверы раённых ЗАГСаў адчыненыя для ўсіх.