Падман, які дорыць асалоду і добры настрой

29 мая 2013

Спрыт рук і аніякага махлярства… Прафесію здзіўляць людзей абраў сабе мінчанін Сяргей Астроўскі і не пралічыўся. Цікавасць да яго магічных трукаў зрабіла беларуса вядомым і за межамі нашай краіны. Высокую ацэнку яго майстэрству дала Міжнародная асацыяцыя ілюзіяністаў.


Сакрэты магіі паспрабавала раскрыць Аксана Шыдлоўская.

З самага дзяцінства Сяргей вызначаўся дапытлівасцю, смеласцю і загартоўкай. Спасцігаючы свет, вывучаў асаблівасці чалавечага арганізму, імкнуўся прыручаць жывёлін, а галоўнае - выпрабоўваў сябе на трываласць і выносліваць. Нездарма пасля школы вучыўся на трэнера па каратэ. Паралельна захапіўся фокусамі і незвычайнымі трукамі. І, урэшце, у паядынку прафесія - хобі перамагла магія.

Дзеля таго, каб сын выконваў свае трукі бездакорна, маці прыйшлося ахвяраваць не адным дзясяткам лыжак і відэльцаў. Затое сёння Сяргей згінае іх за лічаныя секунды. Прычым, яго рукам і энергіі падуладныя многія рэчы.
Люстэрка, бадай што, галоўны глядач і нават дарадца для ілюзіяніста. Каб давесці да дасканаласці кожны рух, магу прыходзіцца гадзінамі ўглядацца ў свой люстэркавы адбітак.

З хустачкамі і манетамі працуюць фокуснікі, Сяргей жа, як прафесійны ілюзіяніст, падкуплівае гледачоў іншым. Сумеснай творчасцю. Раней усе свае ўменні Сяргей апрабоўваў у гарадскіх парках. Зараз, з-за шчыльнага графіку канцэртаў і выступленняў, часу на вулічны паказ не застаецца. Сёння дзеля нас ілюзіяніст зрабіў выключэнне, чым, безумоўна, прыемна здзівіў мінчан і гасцей сталіцы.

Падман, які дорыць асалоду і добры настрой, у выкананні маладога беларуса, высока ацаніла і Міжнародная асацыяцыя ілюзіяністаў. Наперадзе ў чараўніка шмат магічных мрояў. Як мінімум - паўтарыць Каперфільда.