Невымоўныя пачуцці на здымках польскіх фотамастакоў

28 августа 2013
Упершыню ў Мінску педагогі Мастацкага ўніверсітэта Познані з калектыўнай фотавыставай. Назва экспазіцыі - Бачнае - Невымоўнае - супадае з асноўнай ідэяй работ. А цыкл Яраслава Клюпся, дарэчы, зроблены па старадаўняй методыцы фатаграфавання.
Яраслаў Клюпсь, фотамастак: Я выкарыстоўваю метад пачатку ХІХ стагоддзя, калі фатаграфіі аддрукоўваліся на срэбных пласцінах. У свеце вельмі мала фотамастакоў працуе ў гэтым стылі. У Польшчы толькі я, а ў свеце каля дзесяці чалавек. Гэта звязана са складаным працэсам вырабу такіх фотаздымкаў.
Наталля Шаранговіч, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва: Мы таксама жывём у еўрапейскай прасторы і таксама вызначаем і падначальваемся пэўным тэндэнцыям. Адна з галоўных, і гэта бачна на гэтай выставе, - тое, што сёння ў фатаграфіі галоўнае не тэхніка, а той вобраз, які даносіцца да гледача.
Выкладчыкі з Познані прадстаўляюць кафедру фатаграфіі, якая з'яўляецца адзінай профільнай у Польшчы. А існуе школа фотамастацтва як самастойны цэнтр навучання з 1919 года.