Незвычайнае здарэнне адбылося ў вёсцы Ліцвяны Уздзенскага раёна

1 июля 2014
Згодна з непацверджанай версіяй, невядомы здзекаваўся з лебедзяў. Па словах мясцовых жыхароў, гэта зрабіў мужчына, які нідзе не працуе, рыбакі і паляўнічыя віну ускладваюць на моладзь, а інспектары прыродааховы ўвогуле адмаўляюць гэты факт. Уласнае расследаванне правёў Аляксандр Харавец.

Лебедзі на возеры ля вёскі Ліцвяны Уздзенскага раёна пасяліліся гэтай вясной упершыню. Суседства з людзьмі іх ніколькі не палохала. Наадварот - шыпуны пасябравалі з мясцовымі жыхарамі і з радасцю прымалі ежу з рук.
Лебедзі нават пачалі віць гняздо. Аднак вывесці лебедзянят так і не атрымалася. Па словах месцічаў, невядомы забіў самку, а лебедзю пераламаў крыло.
Яшчэ два тыдні таму гэтае возера, дзе пасяліліся лебедзі, было мясцовай славутасцю. Жыхары Ліцвян разам з дзецьмі літаральна з рук кармілі шыпуноў. А маладыя на фоне птушак у знак лебядзінай вернасці рабілі вясельныя фотаздымкі. Сёння ж тут нязвыкла пуста.
Хто ж змог падняць руку на высакародную птушку? Ліцвяне падазраюць, што варварскае злачынства ўчыніў мясцовы беспрацоўны.
За забойства высакароднай птушкі злачынцу пагражае штраф - 9 мільёнаў або папраўчыя работы тэрмінам на два гады. Аднак інспектары прыродааховы факт забойства лебедзя пакуль не канстатавалі.
Між тым, мясцовыя рыбакі і паляўнічыя таксама вядуць прыватнае расследаванне. Аднак выйсці на след забойцы лебедзя пакуль не ўдалося.
Цяпер у самотнага лебедзя новы дом. Інспектары прыродааховы перавезлі яго на возера, што ў цэнтры Узды. Тут ён пад наглядам мясцовых жыхароў. Зараз птушка ідзе на папраўку. Аднак нягледзячы на тое, што людзі пастаянна спрабуюць яго пачаставаць, ежу з рук лебедзь больш не бярэ.