Надзея Сербіненка раскажа пра кулінарныя традыцыі беларусаў.
Аляксандр Чыкілеўскі - прызнаны знаўца беларускай кухні. У меню яго рэстарана амаль усе стравы старабеларускай кухні, з акцэнтам на так званыя гарадскія рэцэпты. Але ў Беларусі была і вясковая, простая кухня, і вытанчаная, шляхецкая. Якраз гуляш па-радзівілаўскі, хіт рэстараннага меню, повар і гатуе.
Абсмажаная ялавічына тушыцца ў агурочным расоле і вішнёвым соку. Рэцэпт з кухарскай кнігі ХІХ стагоддзя.
Аляксандр Чыкілеўскі стаў ініцыятарам правядзення ў Мінску Тыдняў беларускай кухні, бо да гэтай пары веды беларусаў пра сваю нацыянальную кухню абмяжоўваліся дранікамі, бабкай ды калдунамі. Мала хто ведае, што ў даўніну беларусы елі цыбрыкі, пызы, бігас, суп-сабаён і стравы з дзічыны.
Сёлета да Тыдню беларускай кухні далучылася рэкордная колькасць кафэ і рэстаранаў.
Тыдзень беларускай кухні па традыцыі праходзіць у Мінску з размахам. Усяго ў кулінарнай акцыі ўдзельнічаюць 85 сталічных рэстаранаў і кафэ. У адзіным меню - салат Белавежская пушча, грыбная поліўка і сунічны морс.
Повара Юлію навіна пра ўдзел у Тыдні беларускай кухні не спалохала. Рэстаран, у якім яна працуе, спецыялізуецца акурат на народнай кухні.
Тыдзень беларускай кухні заўсёды праходзіць па адным правіле - адзіная рэцэптура і фіксаваная цана.
Колькасць наведвальнікаў у рэстаранах падчас Тыдня беларускай кухні павялічваецца ў два-тры разы. Гэта сведчыць пра зацікаўленасць мінчан і гасцей горада ў спасціганні гастранамічных традыцый.














