Не заплаціў за камунальныя паслугі - можаш пазбавіцца жылля

16 января 2014
Прычым, гэта тычыцца на толькі злосных неплацельшчыкаў, якія займаюць дзяржаўныя кватэры, але і ўладальнікаў прыватызаваных метраў. Дарэчы, за апошні час толькі ў сталіцы больш за тры дзясяткі спраў накіравалі ў суд. Чаму з кватэры могуць папрасіць і куды пераязджаюць тыя, хто не звяртае ніякай увагі на жыроўкі?

Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

Да апошняга моманту гаспадары гэтага дома, па ўсім бачна, не верылі, што іх пераселяць. 30 гадоў, кажуць, пражылі тут. Але намеры ў прадстаўнікоў ЖРЭА, міліцыянераў і судовых выканаўцаў больш чым сур'ёзныя.

Ды і не забавы дзеля прыехалі сюды разам. Падстава для высялення простая. На працягу 16 месяцаў гаспадары нават і не думалі плаціць за камунальныя паслугі. А таму па законе іх абавязаны выселіць. Праўда, на вуліцы не пакінуць - прапануюць кватэру меншай плошчы.

Самі перасяленцы праблемы не бачаць. Маўляў, і не сума гэта ўвогуле - 2 мільёны доўгу. А ўбачыўшы нашу здымачную групу, імкнуцца хутчэй расказаць, як дрэнна выконваюць камунальнікі свае абавязкі, што за іх зусім не варта плаціць. А потым красамоўны мужчына і ўвогуле расказвае гісторыю ледзь не з дня нараджэння з лейтматывам мне па жыцці не шанцуе, мяне трэба пашкадаваць.

Але такія казкі спецыялістаў не кранаюць. Часу, каб заплаціць запазычанасць, было амаль паўгода. Чаго толькі не расказваюць людзі, як даходзіць справа да высялення.
Дарэчы, пазбавіцца жылля за няўплату камунальных паслуг могуць не толькі тыя, хто займае сацыяльныя кватэры, але і неплацельшчыкі, якія прыватызавалі свае метры. У гэтым выпадку па рашэнні суда кватэру прадаюць, доўг вяртаюць камунальнікам, а рэшту сумы выплачваюць нядбайным гаспадарам.