Парушаюць правілы з жалю да сваіх гадаванцаў

2 августа 2014
Работнікі ЖЭСаў і ўчастковыя міліцыянеры толькі сёлета правялі ў Мінску 621 рэйд. Сярод самых частых парушэнняў - выгул сабак у грамадскіх месцах без наморднікаў і ланцужкоў. І хоць пакуль у міліцыю не звярталіся грамадзяне, якія пацярпелі ад укусаў сабак, работнікі ЖЭСаў працягваюць настойваць на строгіх правілах выгулу сабак. Дзе ў Мінску можна гуляць з чацвераногім сябрам і чаму гаспадары настойліва ігнаруюць правілы - у сюжэце Наталлі Кезік.

Кінуўся на ўцёкі, калі ўбачыў супрацоўніка міліцыі. Свайго гадаванца гаспадар вывеў на прагулку без неабходнай амуніцыі. А каб не плаціць штраф, затым і зусім пакінуў чатырохногага сябра. Пазней высветлілася, што ў аўчаркі ўсё ж такі ёсць дом, а яе гаспадар - кінолаг. Разам яны нясуць службу - ахоўваюць будоўлю.
Георгій жа прынцыпова не гуляе з Арчы на спецыяльнай пляцоўцы. Там на днях дваровыя сабакі пакусалі гадаванца. А на прагулцы без намордніка толькі таму, што набыць амуніцыю для гэтай пароды ў сталіцы немагчыма. Ды і яго сабака не здольны на агрэсію.
Толькі сёлета работнікі ЖЭСаў правялі 600 рэйдаў і склалі 38 пратаколаў. З іх 24 гаспадары рэксаў ды шарыкаў атрымалі штрафы. Самае распаўсюджанае парушэнне - выгул сабак без ланцуга і намордніка і адсутнасць у гаспадароў пакета і шуфліка.
Пляцовак і месцаў для выгулу сабак у Мінску не хапае. У сталіцы афіцыйна зарэгістраваны 8600 сабак. А гэта значыць, што адна пляцоўка ў сярэднім прыпадае на 60 чатырохногіх. І гэтая праблема найбольш вострая ў раёнах-новабудоўлях. Так у Каменнай Горцы ўвогуле няма месцаў для выгулу жывёл. Між тым, і пацярпелых ад укусаў сабак сёлета няма. Міліцыя абыходзіцца папярэджаннямі і складаннем пратаколаў.
Сёлета гаспадары гадаванцаў заплацілі штрафаў на шэсць з паловай мільёнаў. Але ўладальнікі сабак, як і раней, шкадуюць сяброў сваіх меншых, выгульваюць без намордніка, памылкова сцвярджаючы: іх гадаванец самы добры і не здольны пакусаць чалавека.