Намалот Мінскай вобласці перавышае сёлета двухмільённую мяжу

11 августа 2014
Сталічным рэгіёнам сабрана амаль 2 100 000 тон збожжа. Застаюцца непрыбранымі ўсяго 5% плошчаў. Для параўнання: летась намалот склаў 1,7 мільёна тон збожжа з улікам кукурузы. Некаторыя экіпажы ўжо святкуюць свае міні-дажынкі - іх частуюць хлебам з новага ўраджаю.

Аляксандра Драгун таксама пачаставалася духмяным караваем.

Для гэтага экіпажу ўборка хлеба ўжо завяршылася. Камбайнёры Сяргей і Мікалай святкуюць свае невялікія дажынкі - сабіраюць апошнія ўчасткі. Разам заўзята працуюць дзявяты сезон. Сёлета - у лідарах - намалацілі больш за 2 000 тон збожжавых. Але палявые работы на гэтым не завяршаюцца.

Недалёка ад жытнёвых палёў 6 гадоў таму адкрылі хату-пякарню. Кожныя Дажынкі Ірына Жудрык тут гатуе хлеб з мукі новага ўраджаю і частуе лідараў жніва. Абавязкова ў нацыянальным уборы і ад шчырага сэрца.

Практыкавацца ў выпечцы хлеба Ірына пачала ў 15 гадоў. На сяле кулінарная справа была штодзённай. Рэцэпт просты: закваску з жытняй мукі пакідаюць у цёплым месцы на пятнаццаць хвілін, а затым замешваюць і даюць падысці.

Самастойна выпякаць хлеб не цяжка - была б мураваная печка. З кіслага малака і мукі мы атрымалі закваску. А праз гадзіну - духмяную буханку. Дарэчы, гэты каравай мы выпеклі з мукі новага ўраджаю.

Акрамя выпечкі хлеба, у гэтай хаце праводзяць народныя святы. Дарэчы, дызайн у памяшканні з беларускім каларытам. На вокнах - фіранкі з аўтэнтычнымі ўзорамі, на прыпечку - гліняныя збаны, на падлозе - самаробныя скрыні з лазы.

На сёння ў Мінскай вобласці намалацілі 2 100 000 тон збожжа. Сабраць засталося 5% плошчаў. Іх хлебаробы плануюць сабраць за некалькі дзён.