Пачалася падрыхтоўка да вясенніх палявых работ

27 февраля 2014

Яны зноў выйшлі на палі і працуюць па дзесяць гадзін за суткі. У Мінскай вобласці пачалася падрыхтоўка да вясенніх палявых работ. Надвор'е пакуль спрыяе аграрыям, а таму не выключана, што паўднёвыя рэгіёны пачнуць сяўбу ўжо ў сярэдзіне месяца. Як рыхтуюцца да гарачай пары адказныя за хлеб?


Рэпартаж Антаніны Станкевіч.


Пра тое, што на палях пачаліся першыя работы, сведчыць спецыфічны пах, які адчуваецца яшчэ здалёк. Але першы этап - угнаенне глебы - хоць і не самая прыемная, але вельмі важная частка работы.


Механізатар Сяргей не вельмі задаволены перспектывай даваць інтэрв'ю. Работы, кажа мужчына, шмат, часу на размовы няма. Ды і матэрыяльны інтарэс ёсць - чым больш паспеешь, тым больш заробіш. Такая простая арыфметыка і нічога асабістага, жартуе Сяргей.


Ад якасці сённяшняй работы залежыць будучы ўраджай. Зараз трэба правесці ўсе падрыхтоўчыя работы - угнаіць глебу і пасеяць травы. І калі надвор'е будзе такім жа цёплым, не выключана, што пасяўная пачнецца праз два-тры тыдні.


Зараз гаспадаркі Міншчыны амаль поўнасцю гатовыя да пасяўной. Паліва, мінеральныя ўгнаенні і тэхніка - праблем з матэрыяльнымі рэсурсамі няма. Ды і недахопу кадраў няма. А таму пытанне каму ж зямлю араць не ўзнікне нават у разгар палявых работ.


Зараз уся ўвага прагнозам надвор'я. Ад капрызаў прыроды залежыць старт пасяўной і працягласць работ. Усё астатняе, што залежыць выключна ад людзей, зроблена.