Пачаў працу пускавы комплекс культурна-забаўляльнага цэнтра Чыжоўка-Арэна

7 ноября 2013

Сёння пачаў працу першы пускавы комплекс культурна-забаўляльнага цэнтра Чыжоўка-Арэна. Побач пасля рэканструкцыі адкрыўся і парк 900-годдзя Мінска. Таму масавыя гарадскія гулянні сёння прапісаліся менавіта ў Чыжоўцы.

Далучылася да свята Наталля Кезік.


Яшчэ адна лядовая пляцоўка ў веданні мінчан. Хоць Чыжоўка-Арэна і часткова адчыніла свае дзверы, але пракат канькоў і лядовай плошчы арганізаваны будзе ў найбліжэйшы час. Падчас гульняў малая лядовая зала будзе змяшчаць прыкладна паўтысячы балельшчыкаў.


І ў першы ж дзень працы - матчы. Хакейнае першынства паміж шасцю юнацкімі камандамі і паказальныя выступленні сталічных фігурыстаў. У зале гульнявых відаў спорту ў паядынку сышліся лепшыя гандбалісты.


Да адкрыцця спартыўна-забаўляльнага комплексу будаўнікі падрыхтавалі і інфраструктуру мікрараёна - была завершана рэканструкцыя вуліцы Ташкенцкай.


Зменіцца хутка ў Чыжоўцы і маршрутная сетка грамадскага транспарту. У гэтым месяцы аўтобусы і тралейбусы будуць ездзіць па старых, але пашыраных маршрутах. Таксама ў гадзіны пік плануецца арганізаваць працу і дадатковага аўтобуснага маршруту.


Будаўнікі працавалі і ў парку 900-годдзя сталіцы - ён быў абноўлены цалкам.


А вось сталічныя вытворцы ахвяравалі сёння свой выхадны: для добрага настрою проста неабходны святочны шопінг. Вакол арэны працуе Кастрычніцкі кірмаш, дзе традыцыйна арганізаваны гандаль па зніжанай цане.


Асноўная канцэртная праграма ля Чыжоўка-Арэны хутка завершыцца. Тым не менш, гэта не падстава заканчваць свята - гандлёвыя пляцоўкі і народныя калектывы будуць працаваць да самага вечара.