Музеі сталіцы на час хакейных баталій стануць больш даступнымі

29 марта 2014

Экспазіцыйныя залы зачыняцца будуць толькі апоўначы, а артэфакты змесцяць у аўдыягід. Навошта магнатам ВКЛ QR-коды, і якія скарбы з музейных фондаў упершыню ўбачаць наведвальнікі?


Юлія Чаргінец правяла эксперымент - ці рэальнае тое, што абяцаюць музейшчыкі. Аўдыягіды, віртуальна-пешаходныя маршруты, начныя выставы… Музеі сталіцы гатовы да чэмпіянату свету па хакеі. Турыстаў прывабліваюць не толькі артэфактамі, але і сучаснымі гаджэтамі. Каб праверыць іх на справе, запрашаем да журналісцкага эксперыменту студэнтку-паліглота Яньянь.


Само імя падказала, што лінгвістыка - справа жыцця. У перакладзе з кітайскай Яньянь - тая, што ведае мовы. З поўдня Кітая прыехала ў цэнтр Беларусі і праз тры гады пераадолела моўны бар'ер. За парогам гістарычнага музея - адразу ж сувенірны магазін.


Двухмоўны банар з падрабязнай схемай як запампаваць аўдыягід - усталяваны на ўваходзе ў музей. Знаходзім у Інтэрнэце праграму па счытванні QR-кодаў і загружаем у тэлефон усю інфармацыю па выставачных залах. Ці пайсці па іншым шляху… Пры кожным магнаце ці стогадовай фарфоравай вазе ёсць таксама QR-коды.


Тым больш што госці будуць прыемна ўражаны, што продкі беларусаў уплывалі на гісторыю іх краін. Трапіць на традыцыйныя начныя вандроўкі па музеях у маі і пачаставацца беларускай кухняй ад гістарычнага музея.


Зараз стагоддзі беларускай гісторыі ў руках Яньянь. Запампаваны аўдыягід можна выкарыстаць не толькі ў гэтых сценах, а таксама дома. Падчас чэмпіянату ў музей можна прыйсці і глыбокім вечарам. З мая гістарычны, музей тэатральнай і музычнай культуры штодзённа будуць адчынены да дзевяці вечара, у поўнач зачыніцца галоўны музей - Нацыянальны мастацкі.


Стэнды з QR-кодамі, якія ўсталяваны па ўсім Мінску, дазволяць турыстам лёгка зарыентавацца на мясцовасці, да таго ж, атрымаць экскурс па славутасцях. Да прыкладу, вось тут можна без карт і энцыклапедый зразумець, што нельга прапускаць у Траецкім прадмесці.


Усяго ў Мінску больш за 20 музеяў. Большасць знаходзіцца ў цэнтры. І хаця музейны квартал яшчэ будуецца, віртуальная сувязь выставачных сховішчаў ужо існуе ў QR-кодах горада. Самастойна можна прадумаць свой музейны маршрут.