Марознае надвор'е мяняе звыклы лад жыцця мегаполіса

21 января 2014
У прагнозах сіноптыкаў на бліжэйшыя дні - узмацненне маразоў. Як мінчане вытрымліваюць іспыты мінусам - у рэпартажы Аляксандра Хараўца.

Раніца, мароз, спешка на працу, а тут яшчэ і машына не заводзіцца. У такую сітуацыю сёння раніцай папалі дзясяткі сталічных аўтааматараў. Аляксандр Басалыга каля 20 хвілін самастойна спрабаваў запусціць рухавік. Аднак нічога не атрымалася. Без так званай прыкуркі не абышлося.

Віталь Каранькоў з усмешкай называе сябе Айбалітам для машын. Ужо восьмую зіму ён выязджае на дапамогу замерзлым машынам. За сёння гэта трэці выпадак. Як правіла, часцей за усё не заводзяцца чатырохколавыя жалезныя сябры з дызельным рухавіком. Аднак, паводле слоў аўтамеханіка, справа не ў рухавіках, а ў несвоечасовым абслугоўванні аўтамабіля.

Праз 5 хвілін Аляксандр на сваёй машыне накіроўваецца на працу. Аднак большасць вадзіцеляў пераселі на грамадскі транспарт. Пасажырапаток толькі ў сталічнай падземцы значна вырас. А вось ад паездак на далёкія адлегласці ў 20-градусны мароз большасць мінчан адмовілася. Таму Мінсктранс адмяніў асобныя рэйсы з аўтавакзалаў Усходні і Цэнтральны ў Віцебск, Гродна, Магілёў, Полацк і Чашнікі. Усплёску галалёдных траўм і абмарожанняў у сталіцы не назіраецца. Многія самастойна спраўляюцца з пераахаладжэннямі.

Медыкі перасцерагаюць і ад ужывання моцных спіртных напояў на марозе. На холадзе лепш за усё сагрэюць гарачая кава, гарбата і цёплае адзенне. Абагравацца каларыферамі можна, аднак толькі сертыфікаванымі і без перагрузкі электрасеткі.
А вось прадаўцы цёплага адзення на трывалым мінусе нядрэнна награваюцца. Тым больш што сіноптыкі абяцаюць - маразы будуць мацнець.

Пакуль слупкі тэрмометраў паўзуць уніз, попыт на самы зімовы абутак - валёнкі, наадварот, расце. Толькі за 3 марозныя дні ў гэтым сталічным універмагу прадалі больш за 200 пар ваўняных вырабаў. Гэта ў паўтара раза больш, чым за ўвесь снежань.

Карыстаюцца попытам і цёплыя галаўныя ўборы, а таксама рукавіцы і пальчаткі.
Тыя, хто засумаваў па сапраўднай зіме, сустракаюць яе з радасцю і разуменнем - не бывае дрэннага надвор'я, ёсць няправільна выбранае адзенне.