Мароз у цэнтральны рэгіён прыйдзе паступова

11 ноября 2014
Сёлета анамальна цёплы лістапад дадаў турбот аграрыям: ужо зараз яны вымушаны шукаць спосабы, як цалкам захаваць ураджай наступнага года. А вось многія бізнесмены, наадварот, радуюцца анамальнаму цяплу: выручкі ў параўнанні з мінулым годам выраслі ў некалькі разоў.

Каму даспадобы лагодны лістапад, а хто пакутуе ад надта цёплай восені, высвятляла Наталля Кезік.


Соф'я Доўнар сёлета на працы не паспявае нават выпіць кубак гарбаты, каб пагрэцца. У павільёне, сцвярджае жанчына, не холадна, ды і ахвотнікаў купіць фруктаў нямала. Тым больш што сакавітыя плады і свежую гародніну на прылаўках не псуе мароз.


Спрыяе надвор'е сёлета і велапрагулкам. У пунктах пракату веласіпедаў колькасць кліентаў павялічылася на траціну. Летась, успамінае Дзмітрый, аматары ў велапракат заходзілі радзей. Сёлета на дарогах галалёду няма, таму для велапрагулкі дастаткова толькі ўцяпліцца. Менавіта таму і зараз пункты велапракату закрываць не збіраюцца.


Гэты лістапад пабіў шасцідзесяцігадовы тэмпературны рэкорд: у сталіцы сіноптыкі зафіксавалі пятнаццаць градусаў цяпла. Летась восеньскі месяц таксама радаваў цяплом, але ён быў больш дажджлівы.


Менавіта адсутнасць ападкаў і палохае аграрыяў. Уся справа ў тым, што пасля кастрычніцкіх маразоў усе азімыя культуры ўпалі ў зімовую спячку. А з надыходам цяпла зноў пачалі вегетацыю. Таму зараз рэзкі тэмпературны мінус можа сапсаваць ураджай цалкам. Больш за ўсіх ад пераменлівага надвор'я пакутуе рапс.


Каб выратаваць ураджай, аграрыі вобласці праводзяць маніторынг засеяных палеткаў. Кожны дзень спецыяльная камісія выязджае на палі. І ўжо зараз канстатуюць: каб захаваць ураджай, увесну як мінімум трэба правесці экстранную першую падкормку.


Прагноз жа сіноптыкаў пакуль суцяшальны: мароз у цэнтральны рэгіён прыйдзе паступова. Нязвыклая лістападаўская цеплыня заканчваецца, у выхадныя да мінус двух уначы, а ў канцы месяца варта чакаць першага снегу.