Мабільныя прыстасаванні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

15 января 2014

Мабільныя прыстасаванні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі працягваюць устанаўліваць гарадскія ўлады. За мінулы год іх колькасць не перавышала 80. Планы на гэты год - каля 100. Дарэчы, па рашэнні Мінгарвыканкама, цяпер усталёўваць пандусы і пад'ёмнікі ля магазінаў і гандлёвых цэнтраў павінны прадпрымальнікі, якія валодаюць альбо арандуюць памяшканне.

Наталля Кезік больш падрабязна.


Гэты двор па заслугах можна назваць самым безбар'ерным. Тут не сустрэнеш высокіх бардзюраў і лесвіц без пандуса. Дом быў пабудаваны па асаблівым праекце - для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.


Дарэчы, такі дом у сталіцы адзіны. Астатнія ж дваровыя тэрыторыі і пад'езды ў горадзе не заўсёды адаптаваныя для язды на калясцы - на шляху высокія бардзюры, лесвіцы ў пад'езд і пандусы з вельмі вялікім ухілам.


Пры гэтым ля пад'ездаў паступова з'яўляюцца вось такія спецыяльныя прыстасаванні. Вось такія пандусы - мара для кожнага чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Іх, як правіла, устанаўліваюць па месцы жыхарства. У мінулым годзе такія прыстасаванні былі ўстаноўлены па 80 адрасах. Планы на гэты год - 90 пандусаў і пад'ёмнікаў ля пад'ездаў.


Пры гэтым нават самы сучасны пандус можа і не стаць выратаваннем. У пад'ездах альбо магазінах лесвіцы не абсталяваныя для перамяшчэння людзей на калясцы. Да таго ж, безбар'ернае асяроддзе павінна быць не толькі на вуліцы.


Яшчэ 400 гарадскіх аб'ектаў сёлета атрымаюць званне безбар'ернай тэрыторыі. Пры гэтым Мінгарвыканкамам было прынята рашэнне, што ўладальнікі магазінаў і гандлёвых цэнтраў з гэтага года павінны будуць узводзіць пандусы, прыбіраць парогі і лесвіцы за ўласныя сродкі.