Навучальныя ўстановы сталіцы сёлета атрымаюць пашпарты гатоўнасці самыя першыя. Многія школы ўжо прайшлі спецыяльную праверку, усе астатнія атрымаюць неабходныя дакументы да 15 жніўня. 1-га верасня ў Мінску адкрыецца адна новая школа - недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі. Другую школу ў мікрараёне Каменная Горка плануюць здаць толькі ў снежні.
Больш падрабязна - Кацярына Шыбко.
Будаўнічыя работы тут ужо скончыліся. Зараз пачынаюць збіраць у класе першую мэблю. У кожным кабінеце абавязкова будзе мультымедыйны праектар, камп'ютар і нават інтэрактыўная дошка. Новую школу, што побач з Домам міласэрнасці, называюць навукова-адукацыйным цэнтрам. Тут будуць створаны ўсе ўмовы для развіцця вучняў нават пасля заняткаў.
Адна з галоўных мэт, паводле слоў дырэктара школы, з карысцю заняць вучня. Менавіта таму вялікая ўвага тут надаецца спорту. У школьнікаў будзе магчымасць прафесійна займацца футболам, тэнісам і гандболам. Асобная пляцоўка для тых, хто марыць стаць прафесіяналам у скейтбордынгу.
У школе два басейны. Гэта самы вялікі. Тут можна нават праводзіць спаборніцтвы раённага ўзроўню. Побач з басейнам - джакузі, крыху далей саўна. Усё прадугледжана для супрацоўнікаў школы і яе вучняў.
І такіх бонусаў шмат. Гэта і інтэрнэт-кафэ, і спецыяльныя зоны адпачынку. Ацаніць новы навукова-адукацыйны цэнтр вучні змогуць ужо 1-га верасня. Гэта адна са школ, якая ўпершыню адчыніць свае дзверы ў гэтым навучальным годзе ў сталіцы. Другую, якую, напэўна, чакаюць з асаблівай нецярплівасцю - у мікрараёне Каменная Горка плануюць здаць зімой.
Юлія Ваніна, кіраўнік прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі Беларусі: Школу на Каменнай Горцы вельмі чакаюць усе жыхары гэтага раёна. Вялікая надзея на яе. Школа разлічана на тысячу 20 навучэнцаў. Гэта новая школа з усімі атрыбутамі сучаснага адукацыйнага працэсу.
Некаторыя школы сталіцы ўжо поўнасцю падрыхтаваны да навучальнага года. Яны ўжо прайшлі спецыяльную праверку. Астатнія навучальныя ўстановы так званыя пашпарты гатоўнасці атрымаюць да 15 жніўня.














