Мінская вобласць прыняла велапрабег моладзі Саюзнай дзяржавы

18 сентября 2014
Больш за 800 кіламетраў на двух колах дзеля сяброўства і партнёрства! Напярэдадні Мінская вобласць прыняла ў сябе вялікі велапрабег моладзі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Сімвалічна, што ў 70-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў месцам фінішу велапрабегу стаў Курган Славы.

Аляксей Кандраценка сустрэўся з тымі, хто ўмела спалучае спорт з любоўю да гісторыі сваёй краіны.

За спінай больш за 800 кіламетраў шляху, у нагах і спіне стомленасць, а на тварах радасць. Геаграфія велапрабегу моладзі Саюзнай дзяржавы - Смаленская, Пскоўская, Віцебская і Мінская вобласці. І вось нарэшце фініш ля Курганы Славы. Час падвесці вынік.
Усяго 60 удзельнікаў, у асноўным студэнты, а таксама прадстаўнікі маладзёжных арганізацый.

Гэта, вядома, не Джыра д'Італія і не Тур дэ Франс, таму ў веласіпедыстаў няма жоўтых маек лідара. Майкі пераважна блакітнага колеру. Такі адзіны дрэс-код толькі збліжае сяброў з Беларусі і Расіі.

Фініш велапрабегу - магчымасць не толькі перавесці дух і сабрацца з сіламі, але і ўшанаваць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сімвалічна ўдвая - сёлета беларусы адзначылі 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 2015 год - таксама 70-годдзе, але ўжо Вялікай Перамогі.

Віктар Якжык, намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь: Велапрабег суправаджаецца рознымі мерапрыемствамі: наведванне мясцін баявой славы, сустрэчы з ветэранамі, семінары на ваенна-патрыятычную тэматыку, сустрэчы са школьнікамі.

Дружба беларусаў і расіян, як колы веласіпеда, упэўнена рухаецца наперад. Роўна праз год зноў нагода сабрацца разам. Восенню 2015 года стартуе дзясяты велапрабег.