Мінская вобласць святкуе юбілей легендарнага сімфанічнага аркестра

21 сентября 2013
45 гадоў сваімі творамі ён радуе не толькі жыхароў горада, але і еўрапейскую публіку.

Лібрэта даўжынёю ў творчае жыццё прачытала Марына Мураўёва.

Гэты сімфанічны рай выконвае не дзяржаўны калектыў. Аркестр існуе, як кажа яго кіраўнік, на парывах душы. Але па сваім узроўні ён набліжаны да філарманічнага аркестра. У яго ўваходзяць як студэнты Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, так і музыканты з высокай кансерваторскай адукацыяй.

За сваю гісторыю сімфанічны аркестр даў каля паўтысячы канцэртаў. Яму апладзіравалі ў Галандыі, Літве, Чэхіі, Германіі і Францыі. Салістамі аркестра былі заслужаныя і народныя артысты Беларусі, Марыінскага тэатра і Вялікага тэатра Масквы.

32 гады Рыгор Сарока з'яўляецца нязменным кіраўніком і дырыжорам аркестра. Сваю творчую справу сумяшчае з пасадай дырэктара каледжа.

Заслугі, як і рэгаліі гэтага чалавека, можна пералічваць вельмі доўга. Ад заслужанага дзеяча культуры да лаўрэата Спецпрэміі Прэзідэнта. І самым важным, першапачатковым для яго заўсёды быў яго аркестр.

Маэстра ўдалося сабраць самых моцных музыкантаў у Маладзечне. Многія з іх запрошаны працягваць сольную кар'еру за мяжу.