Мінск працягвае жыць хакеем

13 мая 2014
Сёння пяты дзень міжнароднага спартыўнага першынства. Учора зборная нашай краіны абыграла зборную Швейцарыі з лікам 4:3. Колькасць турыстаў, якія прыязджаюць у сталіцу, толькі павялічваецца. Сувенірныя крамы, што размяшчаюцца ў зонах гасціннасці і фанзонах, зараз перапоўненыя хакейнымі балельшчыкамі. Наш карэспандэнт Надзея Сербіненка знаходзіцца ля галоўнай зоны гасціннасці Мінска і зараз падзеліцца сваімі ўражаннямі.

У самай вялікай зоне гасціннасці каля Палацу спорту атмасфера сапраўды святочная. Бо ўчора беларусы перамаглі зборную Швейцарыі. Віншуем нашых хакеістаў. Зараз спартыўныя фанаты актыўна набываюць сувеніры - як з беларускім каларытам, так і з сімволікай сваіх краін.
Уся сувенірная прадукцыя з афіцыйнай сімволікай чэмпіянату - уласнасць шведскай фірмы, якая атрымала эксклюзіўнае права на выраб сувеніраў да чэмпіянату. Іх можна набыць толькі ў фанзонах каля спартыўных арэн. А вось беларускія лялькі, драўляныя скрыначкі і чырвона-зялёныя капелюшы прадаюцца і ля Палацу спорту.
Масквічу Дзмітрыю і яго жонцы прыйшліся даспадобы менавіта гарэзлівыя капялюшыкі.
Акрамя льняных і баваўняных сукенак і бялізны, брэнда беларускай прамысловасці, турысты цікавяцца і вырабамі хэнд-мэйд. Напрыклад, драўлянымі зубранятамі - альтэрнатыва Волату ручной работы.
Кошт сувеніраў вагаецца ад некалькіх тысяч да паўмільёна рублёў. А вырабы ручной работы з керамікі, дрэва і металу заўсёды даражэйшыя за фабрычныя.
Нагадаем: сёння на Мінск-Арэне і Чыжоўка-Арэне адбудуцца адразу чатыры матчы. Хакейныя каманды змагаюцца за выхад у чвэрцьфінал. А мы ў сваю чаргу запрашаем вас сюды, у зону гасціннасці, па сувеніры і добры настрой.