Мінск працягвае рыхтавацца да Дня Незалежнасці

22 июня 2013
Напярэдадні вечарам у сталіцы прайшла яшчэ адна рэпетыцыя роты ганаровай варты. За трэніроўкай назіралі дзясяткі мінчан. Сёлета ў Дзень Незалежнасці выступленне элiтнага падраздзялення будзе адрознівацца новымі элементамі са зброяй. Віртуозы ў пагонах рыхтуюць больш за дзясятак прыёмаў.

Уладзімір Каралёў падрабязна.


Выразны сінхронны крок, адточаны рух, даведзены да аўтаматызму. У Дзень Незалежнасці традыцыйна сваё майстэрства прадэманструе зводная рота ганаровай варты.


Ад 185-ці і вышэй. Сінхроннасць рухаў напярэдадні вечарам элітнае падраздзяленне рэпеціравала ля стэлы Мінск - горад-герой. Менавіта тут 3 ліпеня і пройдзе выступленне роты. Зрэшты, нават гэтае невялікае мерапрыемства не застаецца без увагі прахожых.


Каб падчас свята не было ніякіх беспарадкаў, боты ваеннаслужачых прывыкаюць да пляцоўкі не першы і не апошні раз. Кожную такую рэпетыцыю ДАІ горада перакрывае ўчастак праспекта ля стэлы. З дзесяці вечара да паўночы тут не самы інтэнсіўны рух, і цяжкасцяў з праездам не ўзнікае.


Уся цырымонія зойме менш за паўгадзіны, аднак дзеля гэтага выступлення яны днямі трэніраваліся на пляцы. Чым бліжэй да свята, тым больш рэпетыцый.


У панядзелак рота ганаровай варты заканчвае тут чаканіць свой крок, а вось рэпетыцыі парада толькі пачнуцца. Чакаецца, што генеральныя трэніроўкі пад гул ваеннай тэхнікі пройдуць 27 і 29 чэрвеня.