Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала Беларускі клуб караванераў і аўтатурыстаў

25 марта 2014
І вось першы афіцыйны злёт. Як і дзе зараз паркуюць свае дамы караванеры - у рэпартажы Аляксея Радзівонава.

Яны з тых, хто можа сабе дазволіць адрас месца жыхарства мяняць хоць кожны дзень. Не па дакументах, зразумела, а геаграфічна. Напярэдадні беларускія караванеры сабраліся на сваім першым афіцыйным злёце у Дудутках.

Тут адразу 18 экіпажаў - гэта 18 дамоў на колах або як іх называюць самі караванеры - кемпераў. На першы погляд - звычайны мікрааўтобус, затое ўнутры абсалютна ўвесь камфорт сучаснай аднапакаёўкі.

Сапраўды, у доме на колах ёсць усё для паўнавартаснага адпачынку. Раскладны ложак, кухня з плітой, тэлевізар і нават Інтэрнэт - усё гэта на некалькіх квадратных метрах. Магутны рухавік, клімат-кантроль і камфортны салон - па тэхнічных характарыстыках такі аўтадом не саступае звычайнаму аўтамабілю. Зразумела, што стаць караванерам задавальненне не з танных, але, як сцвярджаюць у клубе, аматараў паспрабаваць гэты від адпачынку становіцца ўсё больш.

Беларусам караванінг спадабаўся яшчэ чатыры гады таму. Менавіта тады і сустрэліся аўтападарожнікі на першым своеасаблівым злёце.

Як высветлілася, такі адпачынак як караванінг цікавы не толькі дарослым, але і малым. На так званыя злёты з'язджаюцца цэлымі сем'ямі.

Галоўнае для караванераў - нават не добрае надвор'е, а элекрычнасць і вада. Іх можна знайсці на спецыяльных паркоўках. Зараз такіх пляцовак у Беларусі дзесяць. У галоўным спартыўным ведамстве абяцаюць у найбліжэйшы час абсталяваць яшчэ пяць. У Год гасціннасці асаблівая ўвага турызму з камфортам.