Міжнародны з'езд славістаў - падзея ў сусветнай навуковай лінгвістыцы

13 августа 2013
Праз тыдзень сваю работу пачне XV міжнародны з'езд славістаў і ўпершыню ён будзе праводзіцца ў Мінcку. Краіны-ўдзельнікі не толькі славянскія.

Якія пытанні і праблемы будуць узнімацца лінгвістамі - ведае Ларыса Гулякевіч.

Праз тыдзень у Мінску збяруцца ўсе лінгвісты свету. Каля 800 вучоных з 35 краін. Міжнародны з'езд славістаў Беларусь прымае ўпершыню.

Такія з'езды - гэта найбуйнейшыя навуковыя форумы, на якіх абмяркоўваюцца праблемы развіцця славянскіх моў, літаратур, культур і фальклору ў іх узаемадзеянні. Міжнародныя з'езды славістаў праводзяцца кожныя пяць гадоў па чарзе ў славянскіх краінах, пачынаючы з 1929 года.

Як самастойны навуковы напрамак славістыка ўзнікла ў канцы XVIII - пачатку XIX стст. на базе параўнальна-гістарычнага мовазнаўства (кампаратывістыкі). Пазней да яе далучыліся літаратуразнаўства, этнаграфія, мастацтвазнаўства, а таксама агульная гісторыя і гісторыя рэлігіі ў славян.


Аляксандр Лукашанец, старшыня Міжнароднага і Беларускага камітэтаў славістаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі: Беларуская мова, нягледзячы на ўсе праблемы з яе выкарыстаннем у традыцыйных і афіцыйных сферах ужытку, сёння праяўляе як бы такую асаблівасць. Яна ўкараняецца ў новыя сферы камунікацыі, такую як інтэрнэт-маўленне, канфесійная сфера. Менавіта гэтыя сферы сёння фарміруюць прэстыжнасць мовы, яе запатрабаванасць. І больш за тое, з гэтымі сферамі, асабліва інтэрнэт-камунікацыямі, звязана будучае, а гэта значыць, што калі мова будзе выкарыстоўвацца ў гэтай сферы, яна будзе пашырацца.

Сучасная славістыка (славяназнаўства) аб'ядноўвае цэлы комплекс гуманітарных навук, якія вывучаюць мовы, матэрыяльную i духоўную культуру, паходжанне (генезіс), гісторыю, фальклор i літаратуру старажытных i сучасных славян.

Умацаванне славянскага адзінства і пашырэнне ролі славянскіх культур, моў і літаратур у сучасным свеце - вось галоўная мэта правядзення з'езду. Для краіны, якая прымае з'езд, гэта яшчэ і ўмацаванне свайго прэстыжу ў міжнароднай супольнасці.